BSSF мае намер дамагацца адмены ўсіх міжнародных спаборніцтваў у Беларусі
Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (Belarusian Sport Solidarity Foundation, BSSF) мае намер дамагацца адмены правядзення ўсіх буйных міжнародных спаборніцтваў у Беларусі, паведаміў выканаўчы дырэктар фонду Аляксандр Апейкін падчас анлайн-прэс-канферэнцыі 17 снежня.
Паводле яго слоў, BSSF, у тым ліку па маральна-этычных меркаваннях, плануе весці перамовы з міжнароднымі арганізацыямі аб тым, каб з Беларусі перанеслі этап Кубка свету па фрыстайле, чэмпіянат свету па хакеі, чэмпіянат свету па сучасным пяцібор’і і іншыя буйныя спаборніцтвы.
„Усе мерапрыемствы ўзроўню этапаў кубка свету, чэмпіянатаў свету, якія плануюцца ў Беларусі, згодна з рэкамендацыямі МАК, праходзіць у Беларусі не могуць. І мы, са свайго боку, будзем дамагацца, каб гэтыя рэкамендацыі набылі моц”, — адзначыў Апейкін.
Выканаўчы дырэктар паведаміў таксама, што адным з найбліжэйшых зваротаў фонду ў міжнародныя спартыўныя арганізацыі будзе ліст ва УЕФА з просьбай звярнуць увагу на сістэматычныя парушэнні правоў членаў футбольнай супольнасці, шэрагу гульцоў з боку Беларускай федэрацыі футбола. „Мы будзем патрабаваць прыняць адпаведныя меры згодна са статутам УЕФА”, — дадаў ён.
Апейкін заявіў, што скептычна ставіцца да існуючай думкі аб тым, што буйныя міжнародныя турніры на тэрыторыі Беларусі, у прыватнасці чэмпіянат свету па хакеі, — гэта добрая магчымасць для беларусаў выйсці на вуліцы і прадэманстраваць свету сваю грамадзянскую і палітычную пазіцыю.
„Гэта вельмі наіўнае меркаванне, што тут можна каму-небудзь што-небудзь паказаць. Хутчэй за ўсё, наадварот, правядзенне чэмпіянату выкліча вялікую хвалю рэпрэсій. Перад ім пачнуцца зачысткі такія самыя, якія былі перад чэмпіянатам 2014 года. Толькі калі тады ў турме аказалася, калі не памыляюся, каля 50 палітычных актывістаў, то цяпер гаворка будзе ісці пра тысячу. Адпаведна на кожнага хакеіста, што прыедзе, будзе 4-5 палітвязняў. І ўдзельнікі павінны гэта разумець”, — сказаў ён.
Як паведамлялася, 7 снежня кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах абвясціў, што камітэт часова забараніў Аляксандру Лукашэнку, які ўзначальвае Нацыянальны алімпійскі камітэт, а таксама віцэ-прэзідэнту НАК Віктару Лукашэнку і Дзмітрыю Баскаву як члену выканкама НАК удзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах пад эгідай МАК, уключаючы Алімпійскія гульні. МАК больш не будзе накіроўваць сродкі НАК Беларусі, грошы пойдуць наўпрост спартсменам.
Акрамя таго, МАК пачаў расследаванне ў дачыненні да Беларусі па падазрэнні ў палітычных пераследах спартсменаў.
Фотf: BSSF