BSSF просіць паведаміць пра ход расследавання ў дачыненні да Баскава



Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці накіраваў афіцыйны запыт у Міжнародную федэрацыю хакея на лёдзе (ІІХФ) адносна статусу расследавання ў дачыненні да старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава, якога падазрае ў дачыненні да забойства Рамана Бандарэнкі. Акрамя таго, фонд накіраваў запыты ў нацыянальныя хакейныя федэрацыі больш чым 30 краін з патрабаваннем звярнуцца да ІІХФ па пытанні расследавання ў дачыненні да Баскава.

У лісце на адрас ІІХФ фонд „выказаў сумнеў, што арганізацыя належным чынам расследуе справу Д.Баскава”, адзначаецца ў паведамленні для прэсы. „Раней фонд ужо падаў некалькі запытаў у федэрацыю, даў шматлікія матэрыялы, якія сведчаць пра магчымае дачыненне Д.Баскава да рэзананснага забойства. Апроч журналісцкіх публікацый дачыненне Д.Баскава да злачынства пацвярджаюць вынікі незалежнага расследавання, праведзенага ініцыятывай BYPOL, якая прадставіла больш [чым] 50-старонкавае заключэнне па гэтай справе”, — падкрэсліваецца ў рэлізе.

Фонд звяртае ўвагу на тое, што „афіцыйнае расследаванне ІІХФ пачалося больш як два месяцы таму, дагэтуль ніякай інфармацыі па яго вынікі не паступала”. „Больш за тое: падчас расследавання кіраўнік ІІХФ Рэнэ Фазэль наведаў Менск з афіцыйным візітам і нават зрабіў фатаграфію з Д.Баскавым, што можа сведчыць аб прадузятасці расследавання ў дачыненні да кіраўніка ФХБ”, — лічаць у фондзе.

Не атрымаўшы адказу ад ІІХФ, фонд папрасіў нацыянальныя федэрацыі „ініцыяваць зварот да ІІХФ і запытаць афіцыйны адказ аб статусе расследавання”.

У сувязі з магчымым дачыненнем Баскава да трагічных падзей, якія прывялі да смерці Рамана Бандарэнкі, у лістападзе 2020 года Латвія забараніла яму ўезд на сваю тэрыторыю. Рыга і Менск павінны былі арганізаваць чэмпіянат свету па хакеі 2021 года. Пасля пазбаўлення беларускай сталіцы гэтага права Латвія правядзе турнір самастойна.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці заснаваны ў жніўні 2020 года трохразовай алімпійскай прызёркай Аляксандрай Герасіменяй. Аказвае фінансавую, псіхалагічную, арганізацыйную і іншую дапамогу спартсменам, якія пацярпелі ад дзеянняў рэжыму, узаемадзейнічае з міжнароднымі арганізацыямі і федэрацыямі па розных відах спорту з мэтай абароны правоў спартсменаў.

belapan.by

Фота: BSSF