„Будаўнік”, зноў саступіўшы „Цюмені”, выбыў з расейскай Суперлігі



У сераду адбыўся другі матч за захаванне прапіскі ў расейскай Суперлізе. Менскі „Будаўнік” прымаў „Цюмень”, і зноў прайграў, тым самым выбыўшы з наймацнейшага дывізіёна Расеі. Паядынак прайшоў на „Чыжоўка-Арэне” і завяршыўся з лікам 1:3.

Гатоўка выбыла ў 1/16 фіналу турніру ў Бодруме

Беларуска 310-ы нумар рэйтынгу ВТА Юлія Гатоўка выбыла ў 1/16 фіналу тэніснага турніру ў турэцкім Бодруме з прызавым фондам 60 000 даляраў. Наша суайчынніца саступіла прадстаўніцы Аргенціны 163-й ракетцы планеты Марыі Лурдэс Карле — 3:6, 1:6. Яшчэ адна беларуска Яна Каладынска (321-ы нумар рэйтынгу ВТА) выбыла ў 1/16 фіналу, саступіўшы прадстаўніцы Расеі Марыі Цімафеевай – 5:7, 2:6.

„Гродна”-93 – „Мінск”: трэці матч фінальнай серыі

Сёння, 17 траўня, адбудзецца трэці матч фінальнай серыі мужчынскага чэмпіянату Беларусі. Паядынак „Гродна”-93 – „Мінск” пройдзе ў сталічным „Falcon Club” і пачнецца ў 19.00. Лік серыі да трох перамог — 2:0 на карысць „Мінска”. У выпадку перамогі „Гродна”-93 чацвёртая баталія серыі пройдзе 19 траўня ў „Falcon Club”.

„Манчэстэр Сіці” – „Рэал Мадрыд”: бітва футбольных тытанаў

Без перабольшання гэты матч можна назваць самай чаканай падзеяй у сусветным футболе. Нават фінал турніру, хто б у яго не адабраўся, не будзе ўтойваць у сабе столькі інтрыгі і трымаць такую напругу, як супрацьстаянне неверагоднага „Сіці” з дзейным пераможцам Лігі чэмпіёнаў.
Нягледзячы на адсутнасць міжнародных трафеяў у калекцыі, сёлетні „Сіці” сапраўды заслугоўвае звання вялікай каманды. І такое адчуванне, што ў свеце застаўся толькі адзін калектыў, здольны спыніць гэтую манчэстарскую машыну. І менавіта з гэтым супернікам трэба будзе пазмагацца хлопцам Пепа Гвардыёлы.
Гэтыя каманды аспрэчвалі права гуляць у фінале яшчэ год таму. „Рэал” тады праявіў сапраўдную вытрымку і гераізм, пераламіўшы ход супрацьстаяння на сваю карысць. Застаецца дадаць, што сустрэчу будзе судзіць польскі арбітр Шымон Марчыняк.

„Формула-1”: гран-пры ў Імале адменены з-за паводкі

Этап Гран-пры „Формулы-1”, які павінен быў адбыцца ў Імоле з 19 па 21 траўня, адменены з-за паводкі.

„Кіраўніцтва „Формулы-1″ хоча выказаць свае словы падтрымкі на адрас людзей, якія пацярпелі ад нядаўніх падзей у Эміліі-Раманні. Мы таксама хочам аддаць належнае рабоце службаў выратавання, якія робяць усё магчымае, каб дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу. У выніку было прынятае рашэнне не праводзіць Гран-пры ў Імале ў будучы ўік-энд. Гэтае рашэнне прынятае таму, што ў такіх умовах бяспечнае правядзенне мерапрыемства немагчымае”, — гаворыцца ў афіцыйнай заяве „Ф-1”.

Беларускае Радыё Рацыя