Буліт Шаранговіча прынёс „Нью-Джэрсі” вікторыю над „Манрэалем”
„Нью-Джэрсі” у серыі булітаў адолеў „Манрэаль” у хатнім матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ — 3:2. Беларускі форвард „Дэвілз” Ягор Шаранговіч стаў аўтарам пераможнага пасляматчавага кідка. Беларус правёў на лёдзе 19 хвілін 45 секунд, з іх 26 секунд у большасці і 2 хвіліны 46 секунд у меншасці, выканаў адзін кідок, дапусціў дзве страты і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці „+1”. У гэтым сезоне ў актыве Шаранговіча 36 (16+20) ачкоў у 60 матчах і „-10”. „Арызона” у авертайме саступіла „Вініпегу” у выязным матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ — 1:2. Беларускі абаронца гасцей Уладзіслаў Калячонак правёў на лёдзе 14 хвілін 38 секунд, выканаў адзін кідок, ужыў тры сілавыя прыёмы, заблакаваў кідок, здзейсніў дзве страты і завяршыў гульню з паказчыкам карыснасці „0”. У гэтым сезоне ў актыве Калячонка 3 (1+2) ачкі ў 19 матчах і „+4”.
„Металург” перамог „Шахцёр” у матчы з 11 закінутымі шайбамі
Жлобінскі „Металург” абыграў салігорскі „Шахцёр” у першым матчы паўфінальнай серыі плей-оф Parimatch-Экстралігі да чатырох перамог з лікам 7:4. Усе 11 шайбаў закідвалі розныя гульцы ў камандах. Другая сустрэча пройдзе таксама ў Жлобіне 29 сакавіка.
„Цмокі-Менск” пацярпелі паразу ад „Аўтадора”
Баскетбалісты „Цмокі-Менск” пацярпелі чарговую паразу ў матчы Адзінай лігі ВТБ. На гэты раз падначаленыя Расцілава Вергуна саступілі ў хатняй сустрэчы „Аўтадору” з Саратава, з лікам 64:72. Беларускі клуб з трыма перамогамі ў 15-ці гульнях размяшчаецца на дзясятай пазіцыі.
„Цмокі” былі мацнейшыя за „Алімпію”
У нядзелю завяршыліся другія паўфінальныя паядынкі жаночага чэмпіянату краіны. „Гарызонт” разграміў „Вікторыю” 113:49, мінскія „Цмокі” справіліся з „Алімпіяй” 57:45. „Гарызонт” вядзе ў серыі з лікам 2-0, трэці паядынак адбудзецца 1 красавіка ў Гародні. „Цмокі” зраўнялі лік у супрацьстаянні, трэці матч серыі пройдзе таксама 1 красавіка ў сталіцы.
Азаранка не змагла скончыць матч трэцяга круга турніру ў Маямі
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка не змагла завяршыць паядынак трэцяга раўнда турніру ў Маямі супраць прадстаўніцы Чэхіі Лінды Фрухвіртавай. У другім сэце пры ліку 0:3 Азаранка адмовілася ад працягу барацьбы. Яшчэ адна беларуска Арына Сабаленка і іспанка Паула Бадоса не змаглі прабіцца ў чвэрцьфінал саступіўшы расіянцы Кацярыне Аляксандравай і кітаянцы Чжаасюань Ян — 3:6, 6:7.
Зборная Беларусі буйна абыграла індусаў
У рамках таварыскага матча футбольная зборная Беларусі адправілася ў Бахрэйн, дзе гуляла супраць зборнай Індыі. Паміж сабой каманды раней не сустракаліся. Лік быў адкрыты на 48-й хвіліне – Арцём Быкаў забіў як першы гол у матчы, так і ўпершыню за зборную. Таксама можна ўзгадаць шыкоўную камбінацыю гульцоў Беларусі, якая завяршылася замыканнем Андрэя Салаўя – 2:0. А ўжо напрыканцы гульні Валерый Грамыка забег за спіну абаронцаў і прашыў брамніка Індыі – 3:0. Наступную гульню беларуская зборная правядзе заўтра супраць Бахрэйна.
„Вітэн” разграміў „Дарожнік”
Аршанскі „Вітэн” разабраўся з мінскім „Дарожнікам” у матчы 23-га тура чэмпіянату Беларусі — 7:1. „Вітэн” з 49 ачкамі ідзе трэцім у табліцы, у „Дарожніка” 23 балы і дзевятая пазіцыя.
Зборная Канады другі раз у гісторыі выйшла на чэмпіянат свету
Зборная Канады перамагла каманду Ямайкі ў матчы адборавага турніру ЧС-2022 – 4:0. Мячы забілі Кайл Ларын, Тэйджон Б’юкенен, Джуніёр Хойлет і Адрыян Марыяпа, які забіў ва ўласную браму. Канадцы, якія з 28 баламі займаюць першае месца ў групе Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі, гарантавалі сабе ўдзел у чэмпіянаце свету. Канада прыме ўдзел у чэмпіянаце свету другі раз у гісторыі. Адзіны раз Канада выступала на чэмпіянаце свету ў 1986 годзе, калі заняла апошняе месца ў групе з СССР, Францыяй і Венгрыяй.
Макс Ферстапен стаў пераможцам „Гран-пры Саудаўскай Аравіі”
Пілот „Рэд Бул” Макс Ферстапен стаў пераможцам „Гран-пры Саудаўскай Аравіі”. Другое месца заняў гоншчык „Ферары” Шарль Леклер, трэцяе — напарнік Леклера Карлас Сайнс. Пілоты „Мэрсэдэса” Льюіс Хэмілтан і Джордж Расэл фінішавалі на дзясятым і пятым месцах адпаведна.
Беларускае Радыё Рацыя