Б’ёрндален аб’явіў пра завяршэнне кар’еры
Біятланіст Уле-Эйнар Б’ёрндален на спецыяльнай прэс-канферэнцыі аб’явіў аб завяршэнні спартыўнай кар’еры. Пра гэта паведамляе ТАСС.
Васьміразовы алімпійскі чэмпіён па біятлоне адзначыў: „Мінулы сезон прайшоў не так, як я хацеў. Мінулы сезон стаў апошнім у маёй кар’еры, хоць я не супраць быў бы паспаборнічаць яшчэ пару гадоў”.
Уле-Эйнар Б’ёрндален таксама расказаў, што ў яго пачаліся праблемы з сэрцам. Праблемы са здароўем і жаданне ўдзяляць больш часу сям’і сталі прычынамі для завяршэння кар’еры. 44-гадовы спартсмен адзначыў, што пакуль яшчэ не вырашыў, чым яму хацелася б займацца ў будучым.
Тытулаваны нарвежскі біятланіст за сваю спартыўную кар’еру заваяваў 13 алімпійскіх узнагарод – восем залатых, чатыры сярэбраныя і адну бронзавую. 20 разоў Уле-Эйнар Б’ёрндален станавіўся першым на чэмпіянатах свету, шэсць разоў выйграваў агульны залік Кубка свету. Таксама Б’ёрндалену належыць рэкорд па колькасці перамог на этапах Кубка свету – 95. Разам з нарвежскай лыжніцай Марыт Б’ёрген ён з’яўляецца рэкардсменам зімовых Алімпіяд па колькасці залатых медалёў.
У мінулым сезоне Уле-Эйнару Б’ёрндалену не ўдалося кваліфікавацца на Алімпіяду ў Пхёнчхане ў складзе каманды Нарвегіі з-за слабых рэзультатаў на этапах Кубка свету. Б’ёрндален адправіўся ў Пхёнчхан у складзе беларускай дэлегацыі і аказваў дапамогу ў падрыхтоўцы сваёй жонцы Дар’і Домрачавай.
Фота БелТА