Cабаленка і Азаранка выйгралі турнір у Берліне



Беларускія тэнісісткі Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка сталі пераможцамі турніру WTA ў Берліне ў парным разрадзе.

У фінале турніру яны перайгралі амерыканска-нідэрландскі дуэт Ніколь Мелікар  – Дэмі Схурс у трох сэтах з лікам 4:6, 7:5, 10:4. Матч працягваўся 1 гадзіну 22 хвіліны. Беларускі выканалі 7 эйсаў, дапусцілі 3 двайныя памылкі і рэалізавалі 1 брэйк-поінт з 2.

Беларускія баскетбалісткі выйшлі ў плэй-оф чэмпіянату Еўропы

Баскетбалісткі зборнай Беларусі прабіліся ў плэй-оф 38-га жаночага чэмпіянату Еўропы па баскетболе. У сваім заключным паядынку папярэдняй групы „А” беларускі разграмілі каманду Швецыі з розніцай у 24 ачкі – 78:54. Самай выніковай у складзе беларускай дружыны стала Алекс Бэнтлі, якая набрала 20 ачкоў, у актыве Марыі Паповай на тры балы менш. Зборная Беларусі выйшла наўпрост у 1/4 фіналу дзякуючы разгрому зборнай Славакіі ў гульні з іспанкамі 61:93. Іспанкі фінішавалі другімі ў групе „А”, саступіўшы зборнай Беларусі па дадатковых паказчыках. Такім чынам, каманда Наталлі Трафімавай абмінула стадыю 1/8 фіналу і можа рыхтавацца непасрэдна да чвэрцьфіналу турніру.

Зборная Італіі паўтарыла свой рэкорд, правёўшы 30 матчаў без паразаў

У матчы 3-га тура групавога этапу чэмпіянату Еўропы зборная Італіі перайграла каманду Уэльса. Сустрэча праходзіла на стадыёне „Алімпіка” ў Рыме і завяршылася з лікам 1:0.  Пераможны гол на 38-й хвіліне сустрэчы забіў Матэа Песіна. Зборная Італіі выйшла ў плэй-оф з першага месца. Італьянцы пад кіраўніцтвам Раберта Манчыні паўтарылі сваю лепшую бяспройгрышную серыю – 30 матчаў без паразаў. У апошні раз каманда прайгравала зборнай Партугаліі ў Лізе нацый 10 верасня 2018 года з лікам 0:1. Рэкорд з 30 матчаў без паразаў быў усталяваны Італіяй пад кіраўніцтвам Віторыо Поцо ў 1935-1939 гадах.

У іншым матчы гэтага квартэта швейцарцы ўзялі верх над туркамі – 3:1. Галявы дубль у складзе пераможцаў аформіў нападнік «Ліверпуля» Джэрдан Шакіры, яшчэ адзін мяч забіў Харыс Сеферавіч. Туркі змаглі адказаць толькі голам Іфрана Кахведжы. Італія набрала максімальныя 9 ачкоў у групе, Уэльс і Швейцарыя – па 4, але Уэльс па дадатковых паказчыках заняў другое месца, Турцыя заканчвае турнір  з нулём ачкоў. Італія і Уэльс выйшлі ў 1/8 фіналу.

Сёння заключныя сустрэчы пройдуць яшчэ ў дзвюх групах. У квартэце В зборная Расеі згуляе ў Капенгагене з камандай Даніі. Лідары гэтай групы футбалісты Бельгіі, якія ўжо забяспечылі сабе выхад у плэй-оф, сустрэнуцца ў Санкт-Пецярбургу з фінамі. У групе С футбалісты Украіны ў Бухарэсце будуць супернічаць з аўстрыйцамі. Для выхаду ў плэй-оф падначаленым Андрэя Шаўчэнкі трэба не прайграць. Зборная Нідэрландаў, якая датэрмінова выйшла ў 1/8 фіналу, згуляе ў Амстэрдаме з дэбютантам кантынентальнага першынства камандай Паўночнай Македоніі, якая ўжо страціла ўсе шанцы прайсці далей.

ВРЗ зраўняў лік у фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Гомельскі ВРЗ выйграў першы матч у аршанскага „ВітЭна” у 32-м чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе. Гамяльчане ў другім паядынку фінальнай серыі за залатыя медалі адолелі на сваёй арэне дзеючых чэмпіёнаў краіны з лікам 3:2. Да гэтага аршанскі „Вітэн” перамог ва ўсіх 28 праведзеных сустрэчах цяперашняга першынства. У першай гульні за золата аршанцы выйгралі ў ВРЗ у сябе дома з лікам 5:3. Трэці матч серыі да трох перамог пройдзе 24 чэрвеня ў Оршы.

Макс Ферстапен стаў пераможцам „Гран-пры Францыі”

Пілот каманды „Рэд Бул” Макс Ферстапен выйграў „Гран-пры Францыі”, апярэдзіўшы прадстаўніка „Мерсэдэса” Люіса Хэмілтана. Тройку лепшых замкнуў напарнік Ферстапена па камандзе Серхіа Перэс.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: © AFP 2021 / KEVORK DJANSEZIAN