CAS адхіліў запыт Крысціны Ціманоўскай на допуск да Алімпіяды



Спартовы арбітражны суд (CAS) адхіліў запыт беларускай лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай на адмену рашэння Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі аб яе адхіленні ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях. Пра гэта паведамляе прэс-служба выязной панэлі CAS ў Токіо. Спартоўка павінна была выступаць у бегу на 100 і 200 метраў.

Беларускія сінхраністкі занялі 12-е месца ў кваліфікацыі

Беларускія сінхраністкі Васіліна Хандошка і Дар’я Кулагіна занялі 12-е месца ў кваліфікацыі адвольнай праграмы дуэтаў на Алімпіядзе ў Токіо. Ацэнка беларусак – 88,0333 бала.

Ірына Жук прабілася ў фінал турніру па скачках з шастом

Беларуска Ірына Жук прабілася ў фінал алімпійскага турніру па скачках з шастом, што адбудзецца 5 жніўня. Кваліфікацыйныя спаборніцтвы былі спыненыя на адзнацы 4 метры 55 сантыметраў.

Васіліса Марзалюк завяршыла выступы ў Токіа

Беларуская прадстаўніца барацьбы Васіліса Марзалюк, якая завяршыла выступленне на Алімпійскіх гульнях у Токіо, ацаніла ўласны выступ. „Мая барацьба ніколі не была яркай і агрэсіўнай! Але мой характар, упартасць, працавітасць і цярпенне дапамаглі трапіць на трэцюю Алімпіяду! На жаль, не змагацца за медаль – на сёння гэта мой узровень”, – крытычна адзначыла Васіліса Марзалюк.

 

Зборная Кітая захоўвае лідарства ў медальным заліку

Кітайскія спартоўцы заваявалі 11 узнагарод і ўзначальваюць камандны медальны залік XXXII летніх Алімпійскіх гульняў. Напярэдадні атлеты Кітая выйгралі 5 залатых і па 3 срэбраныя і бронзавыя медалі. Цяпер у іх 62 узнагароды (29 залатых, 17 срэбраных і 16 бронзавых). На другой пазіцыі каманда ЗША – 64 медалі, трэцяе месца займае зборная Японіі – 33 медалі. Усяго напярэдадні было разыграна 20 камплектаў алімпійскіх медалёў.

 

„Нёман” у „заходнім дэрбі” перамог берасцейскае „Дынама”

„Нёман” у „Заходнім дэрбі” перамог берасцейскае „Дынама” ў матчы 18-га тура вышэйшай лігі. Матч у Берасці скончыўся з лікам 3:1 на карысць гарадзенскай каманды. Ужо да 53-й хвіліны гарадзенцы, дзякуючы галам Куадзьё, Яблонскага і Зубовіча выйгравалі 3:0, за берасцейцаў гол прэстыжу на 81-й хвіліне забіў Юдчыц. „Гомель” і БАТЭ ў напружаным матчы згулялі ўнічыю – 2: 2. „Шахцёр” перамог „Іслач” 1:0. З такім жа лікам „Тарпеда-БелАЗ” на выездзе атрымала перамогу над „Віцебскам”.

 

Андрэй Касціцын аддаў пас, але „Шахцёр” саступіў „Дынама-Маладэчна”

У рамках групавога раўнда хакейнага Кубка Салея „Шахцёр” саступіў „Дынама-Маладэчна” 2:3, а „Юнацтва” разграміла „Ліду” 7:0.

 

Хары Кейн не вярнуўся ў „Тотэнхэм” пасля адпачынку

Нападнік лонданскага „Тотэнхэма” Хары Кейн не вярнуўся ў размяшчэнне каманды пасля адпачынку. Sky Sports паведамляе, што футбаліст павінен быў вярнуцца на базу „Тотэнхэма” і пачаць падрыхтоўку да новага сезона. Аднак на трэніроўцы Хары не з’явіўся. Кейн лічыць, што ў яго з лонданскім клубам ёсць джэнтльменскае пагадненне, па якім ён можа сысці гэтым летам, але „Тотэнхэм” з гэтым не згодны. Ангелец хоча перайсці ў „Манчэстар Сіці”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя