Чакаем стартавага свістка Еўра



10 чэрвеня, сёння, адкрыццё футбольнага Еўра 2016 году. Асаблівы настрой, асаблівае трымценне, ну і традыцыйныя чаканні. У стартавым матчы сустрэнуцца гаспадары турніру французы і румынская дружына. 15-ае першынства кантынента пачынае свой адлік. Па вялікім аб’ектыўным гістарачным рахунку чэмпіянат толькі 13-ы, паколькі два першыя розыгрышы мелі надзвычай усечаны фармат і называліся Кубкамі Еўропы.

У гэтым розыгрышы ўпершыню бяруць удзел ажно 24 дружыны, фактычна палова кантынентальных зборных. Пералічым усіх пераможцаў папярэдніх гадоў. Больш за ўсіх чэмпіёнамі станавіліся футбалісты Германіі і Іспаніі – па 3 разы, двойчы тытул здабывала Францыя. Па адным разе перамагалі СССР, Італія, Чэхаславаччына, Нідэрлянды, Данія і Грэцыя. З папярэдніх лаўрэатаў сенсацыйна не трапілі на цяперашняе Еўра галяндцы, дастаткова прадказальна грэкі, ну а Савецкі саюз даўно спыніў сваё існаванне на мапе дзяржаў.

На палях Францыі выступяць 24 спаборнікі, якія падзелены ажно на 6 квартэтаў. Нагадаю, што ў далейшы раўнд выйдуць па дзве мацнейшыя дружыны з кожнай групы, а таксама 4 лепшыя зборныя з тых, што зоймуць трэція месцы. Сярод удзельнікаў цэлы шэраг абсалютных дэбютантаў фінальнай стадыі Еўра – Уэльс, Албанія, Славаччына, Ісляндыя, Паўночная Ірляндыя. Славакі, праўда, раней аднойчы выступалі на чэмпіянаце свету. Думаецца, што ніхто з навічкоў ня будзе хлопчыкамі для збівання, а дружыны кшталту ісляндскай увогуле здольныя на многае. Фаварытамі Еўра традыцыйна называюць Германію, Іспанію, Францыю, па інерцыі з даўніх часоў Англію, якая была надзвычай эфектыўнай у адборавых гульнях. Брытанцаў у выніку новага фармату будзе на палях Францыі надзвычай многа, так што дарэчы будзе праводзіць рэгіянальныя паралелі. Сярод суседзяў беларусаў сімпатыі нашых суайчыннікаў будуць падзелены паміж Украінай, Польшчай і Расеяй.

Цяпер да анонсу матча адкрыцця Францыя-Румынія. “Трохкаляровыя” – фаварыты не толькі канкрэтнага паядынку, але і магчыма ўсяго першынства. Аднак стартавы матч заўсёды асаблівы. Гаспадары поля асабліва моцныя ў атацы. Румыны не маюць зараз у складзе ні зорных майстроў кшталту Хаджы, Радучою ці Лэкэтуша, ні талентаў узору баламута Муту. Сіла гэтай дружыны ў яе сярэднім класе і канешне палкаводцу – менавіта сівавалосы трэнер Ангел Ёрданеску, генерал-маёр, дэпутат румынскага парляманту прыводзіў румынскую дружыну да найбольшых поспехаў. Праўда было гэта на мундыялях. А вось на чэмпіянаце Еўропы Румыніі ўдавалася прайсці першую стадыю толькі аднойчы – у 2000-ым годзе. Добра памятаю румынскую зборную ў 1984-ым годзе – яна якраз тады дэбютавала на Еўра – і менавіта ў Францыі. Варта прыгадаць, што на Еўра-2008 каманды Францыі і Румыніі былі ў адной групе і разышліся тады нулявым мірам. У выніку ж абедзве дружыны не выйшлі наверх, а французы увогуле фінішавалі апошнімі ў квартэце. Зараз трэнер “мушкецёраў” Дзідзье Дэшам мае выдатную атаку і пэўныя праблемы ў абароне. Румыны наалварот маюць вельмі трывалую дэфензіву – прыгадаем толькі два прапушчаныя мячы ў адборы. Францыя ўпэўнена перамагала амаль усіх у таварыскіх паядынках, але была вызвалена ад кваліфікацыі і даўно не праводзіла афіцыйных баталій. Гэта безумоўны мінус гаспадароў Еўра.

Настройваем тэлевізары і з нецярпеннем чакаем стартавага свістка.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя