Чаму ад Еўрапейскіх гульняў толькі страты?



Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, чаму Еўрапейскія гульні, якія прайшлі ў Менску, далі мінусавы эканамічны эфект.

Барыс Жаліба: Мяркую, што Еўрапейскія гульні ніякага прыбытку і не маглі прынесці, таму, калі нехта гучна заяўляў пра тое, што мы будзем мець залатыя горы, то гэта было падманам.

Улады заяўлялі, што на гульні будзе патрачана ўсяго 50 мільёнаў даляраў, а зараз афіцыйная лічба павялічылася ўжо ў пяць разоў. І, магчыма, нават яна не дакладная, не выключана, што выдаткі куды большыя.

РР: Ці можна падлічыць, колькі краіна ўсё-такі зарабіла на гэтым мерапрыемстве?

Барыс Жаліба: Гэта зрабіць даволі складана, хаця адпаведныя ведамствы, думаю, зробяць канчатковы разлік. Тут трэба падлічваць, колькі зарабілі ў сферы гандлю ад турыстаў, у гасцінічным бізнесе…

Іншая справа, што мы чакалі каля 30 тысяч турыстаў, а прыехала, па некаторых звестках, у тры разы менш. Ды і самі жыхары сталіцы бачылі, што ніякай турыстычнай навалы ў Менску не было. Не вельмі зацікавіліся замежнікі гэтымі штучнымі гульнямі. Таму Беларусь панесла выдаткі, і ўсё гэта, безумоўна, легла на плечы бюджэта і спонсараў, якія вымушаны былі фінансаваць мерапрыемства ў добраахвотна-прымусовым парадку.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Тут.бай