Чаму беларускі хакей не прагрэсуе?
Палітык і спартовы заўзятар Павел Знавец аналізуе выступленне беларускай зборнай на чэмпіянаце свету па хакеі, які праходзіць гэтымі днямі ў Даніі.
Нагадаем, што беларуская каманда правяла на першынстве чатыры матчы і пакуль не атрымала ніводнай перамогі. Паражэнні ад Швецыі (0:5), Францыі (2:6), Расеі (0:6) і Швейцарыі (2:5), а таксама адстаўка трэнера беларускай каманды Дэйва Льюіса – вось той вынік, які маем зараз. А сёння наша зборная згуляе з камандай Чэхіі.
Павел Знавец: Чаму зборная пакуль так дрэнна выступае? Тут, на мой погляд, комплекс прычын. Мне падаецца, што ў хакеістаў няма вялікай матывацыі да перамог, сапраўднага патрыятызму. Упэўнены, што многія і гімн не ведаюць. Але трэба таксама разумець, што Беларусь ніколі не будзе хакейнай краінай. І ніколі не будзе наша зборная ў лідарах сусветнага хакея, бо няма такіх традыцый. А развіццё гэтага віда спорту – не больш чым гульні палітыкаў.
РР: У Беларусі апошнім часам набудавалі шмат лядовых палацаў, але, як бачым, эфекту мала. Чаму?
Павел Знавец: Няма эфекту і не будзе, таму што хакей – гэта адлюстраванне нашай эканомікі, якая працуе гэдак жа, як і гуляюць беларускія хакеісты. Трэба разумець, што для апошніх занятак хакеем – гэта проста добрая магчымасць зарабіць. Не больш за тое. Моладзь у нас зараз даволі прагматычная. Таму не трэба пасыпаць галаву попелам. Хакеісты гуляюць так, як умеюць. Вышэй галавы не скокнуць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя