Чарговы футбольны скандал у Барысаве
У 27 туры футбольнага чэмпіянату Беларусі здарыўся гульнёвы скандал, які наўпрост можа паўплываць на зыход усяго турніру.
Праграму тура адкрываў салігорскі „Шахцёр”, які ў пятніцу ўзяў верх над магілёўскім „Дняпром” – 2:1. Пры тым госці патрапалі нервы лідару. Лік гаспадары поля адкрылі пасля імклівай контратакі – пасам Ігара Бурко па-майстэрску скарыстаўся Эдгар Аляхновіч. Незадоўга да свістку на перапынак Уладзіслаў Геўліч здалёк закінуў мяч за каўнер салігорскаму кіперу Івану Караджаву – 1:1. Перамогу „Шахцёру” на 75-й хвіліне прынёс выйшаўшы на замену Станіслаў Кіш. На апошніх секундах дняпроўцы ледзь не параўнялі лік – тут ужо брамнік Караджаў выратаваў „кратоў”.
У менскім дэрбі „Дынама” разграміла „Іслач” – 5:1. Сустрэча на пачатку праходзіла на роўных, усе чакалі, што „ваўкі” дадуць бой „бела-блакітным”. На 31-й хвіліне ўзорны стрэл удаўся капітану дынамаўцаў Аляксандру Наёку. Украінскі легіянер быў у гэты дзень сапраўдным лідарам свайго клуба – на 35-й і 41-й хвілінах ён таксама двойчы ўдала асіставаў Антону Сароку і Аляксандру Сачыўку. Сарока забіў свой 11-ы мяч у чэмпіянаце. З тым і пайшлі на перапынак. У другім тайме Дзмітрый Хлёбас давёў лік да разгромнага. На 79-й хвіліне Аляксандр Папуш адзначыўся мячом прэстыжу, але неўзабаве Уладзімір Хвашчынскі зноў павялічыў розніцу.
БАТЭ апошнім з прэтэндэнтаў на золата выйшаў на поле роднага стадыёна. Чэмпіён прымаў безнадзейнага аўтсайдара наваполацкі „Нафтан”, вельмі доўга мучыўся і „нараджаў” першы гол. Толькі на 38-й хвііне на табло з’явіўся першы голавы запіс – гэта вызначыўся Мірка Іваніч. Пасля перапынку БАТЭ не спяшаўся забіваць другі мяч і ўрэшце жорстка паплаціўся за неналежны настрой. На 87-й хвіліне арбітр Яўген Навумаў „сачыніў” недарэчны пенальці ў браму гаспадароў поля. Нібыта за гульню рукой Віталя Гайдучыка, хоць мяч відавочна трапіў у грудзі абаронцы. Захар Волкаў рэалізаваў 11-мятровы. Апошнія атакі БАТЭ былі бясплённымі і матч сенсацыйна завяршыўся ўнічыю – 1:1.
Недарэчная памылка арбітра можа пазбавіць БАТЭ не толькі чэмпіёнства, але, магчыма, і сярэбраных узнагародаў. „Нафтан”, незалежна ад вынікаў апошніх трох тураў, пакідае мацнейшы беларускі дывізіён.
Вынікі іншых суботніх сустрэч такія:
ФК „Слуцк” – „Крумкачы” (Менск) – 2:0.
ФК „Гомель” – „Гарадзея” – 0:0.
Становішча тройкі лідараў зараз такое: 1. „Шахцёр” – 62 ачкі, 2. „Дынама” (Менск) – 59, 3. БАТЭ – 58.
Пагроза пакінуць вышэйшую лігу навісае адразу над пяццю клубамі – „Дняпром”, „Менскам”, „Крумкачамі”, мазырскай „Славіяй” і „Іслаччу”.
Беларускае Радыё Рацыя