Чарговы подыум Домрачавай
Беларуская біятланістка Дар’я Домрачава выйграла гонку пераследу на этапе Кубку свету па біятлоне ў чэшскім Новэ-Места. Лідарка нашай каманды стартавала чацвёртай, але па ходу гонкі змагла абагнаць ўсіх суперніц. Адзначым, што першая стральба склалася для Домрачавай не лепшым чынам: беларуска дапусціла два промахі і апусцілася ў другі дзесятак. Пасля гэтага трохразовая алімпійская чэмпіёнка толькі адыгрывала пазіцыі. Ідэальна прайшоўшы другі агнявы рубеж, яна ўзнялася на шостае месца, пасля чаго на трасу абрынуўся моцны снегапад, пагоршыўшы бачнасць на стрэльбішчы. Многія фаварыткі мазалі па тры разы, а Домрачава адкараскалася адным недакладным стрэлам на трэцім і чацвёртым рубяжы, што дазволіла ёй упэўнена ўзначаліць гонку. На фінішы Дар’я на шэсць секунд апярэдзіла лідара агульнага заліку фінку Кайсу Мякярайнен, якая таксама дапусціла 4 промахі. Трэцяй стала пераможца спрынту Лаура Дальмаер. Выдатна праявіла сябе юная беларуска Ірына Крыўко, якая з двума промахамі з 14-га месца ўзнялася на 10-е. У агульным заліку Кубка свету Дар’я Домрачава адстае ад Кайсы Мякярайнен на 27 ачкоў. Наступную гонку біятланісткі правядуць 12 лютага ў нарвежскім Халменколене, дзе іх чакае індывідуальны старт на 15 кіламетраў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя