Чатыры беларускія біятланісткі выступяць у фінале суперспрынта на ЧЕ ў „Раўбічах”



Чатыры беларускія біятланісткі прабіліся ў фінал суперспрынта на чэмпіянаце Еўропы ў „Раўбічах”.

Дзінара Алімбекава паказала першы час у кваліфікацыі. Другой стала ўкраінка Валянціна Семярэнка, трэцяй – шведка Элізабэт Хэгберг. Ірына Крыўко размясцілася на 15-м месцы, Ганна Сола – 19-я, Адэліна Сабітава – 28-я. У фінал жаночага суперспрынта, які пачнецца сёння ў 18.00, выходзяць 30 лепшых спартовак па выніку гонкі. Працягнуцца спаборніцтвы ў 17.30 фіналамі суперспрынта у мужчын. Беларусь прадставяць Антон Смольскі, Віктар Крыўко і Сяргей Бачарнікаў.

Беларуска Ірына Жук стала трэцяй у скачках з шастом на турніры ў Польшчы

Беларуска Ірына Жук, якая выступае ў скачках з шастом, заняла трэцяе месца на міжнародным турніры, які прайшоў 25 лютага ў польскім Шчэціне. Беларуска ў трэцяй спробе здзейсніла ўдалы скачок на 4,6 м і размясцілася на трэцім радку выніковага пратаколу. Лепшы вынік паказала спартоўка з Венесуэлы Рабейліс Пейнада (4,6 м), якая ўзяла вышыню з першай спробы. Другой стала шведка Ангеліка Бэнгтсан з такім жа вынікам.

Вера Лапко прабілася ў 1/8 фіналу турніру ў французскім Маконе

Беларуска Вера Лапко (378-ы нумар рэйтынгу ВТА) прабілася ў 1/8 фіналу турніру ў французскім Маконе. У матчы 1/16 фіналу наша суайчынніца перамагла італьянку Марціну Карагара (294 ВТА) з лікам 6:3, 6:3.

Беларуска Ганна Кубарава (460-ы нумар рэйтынгу ВТА) саступіла іншай нашай суайчынніцы Юліі Гатоўка (464 ВТА) у 1/16 фіналу турніру ў Маскве. Лік сустрэчы – 4:6, 4:6.

Чэмпіянат свету па шорт-трэку ў Паўднёвай Карэі адменены з-за каронавіруса

Чэмпіянат свету па шорт-трэку, які павінен быў прайсці 13-15 сакавіка ў Паўднёвай Карэі, не адбудзецца з-за эпідэміі каронавіруса. „Міжнародны саюз канькабежцаў (ISU) быў праінфармаваны Саюзам канькабежцаў Карэі аб тым, што кампетэнтныя органы горада Сеула распарадзіліся закрыць каток Mok-dong і адмяніць усе запланаваныя на ім спаборніцтвы. ISU не зможа правесці чэмпіянат свету па шорт-трэку ў запланаваныя даты”, – гаворыцца ў заяве.

Паўабаронца берасцейскага „Дынама” на правах арэнды перайшоў у „Рух”

Паўабаронца берасцейскага „Дынама” Уладзіслаў Васільеў на правах арэнды перайшоў у „Рух”, дзе будзе выступаць да канца 2020 года. Першую частку мінулага чэмпіянату футбаліст правёў у сталічным „Энергетыку”-БДУ і адзначыўся 2 забітымі мячамі і 7 галявымі перадачамі. Улетку Уладзіслаў перабраўся ў берасцейскае „Дынама”, і да канца сезона паспеў згуляць у 10 паядынках, адзначыўшыся забітым голам.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелТА