Чатыры гандбалісты моладзевай (U-19) зборнай Беларусі трапілі ў каманду „All Stars”



Чатыры гандбалісты моладзевай (U-19) зборнай Беларусі трапілі ў сімвалічную зборную лепшых гульцоў чэмпіянату Еўропы ў другім дывізіёне.

Прызнаны лепшым левым паўсярэднім Ігар Бяляўскі стаў другім бамбардзірам турніру з 39 галамі ў пяці матчах. Лепшы левы крайні – Станіслаў Садоўскі; лепшы правы паўсярэдні – Кірыл Самойла; лепшы абаронца чэмпіянату – Андрэй Пушкін. У фінале беларусы не справіліся з аднагодкамі з Фарэрскіх Выспаў (30:31).

Беларус Ягор Герасімаў перамог на старце тэніснага турніру ў ЗША

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў (81-ы нумар сусветнага рэйтынгу) паспяхова стартаваў на турніры катэгорыі АТР-250 у ЗША. У 1/32 фіналу адзіночнага разраду беларус у трохсэтавым паядынку адолеў славацкага тэнісіста Норберта Гомбаша (112) – 7:6 (8:6), 3:6, 6:2. Наступным супернікам Ягора Герасімава будзе француз Рышар Гаске (82).

Арына Сабаленка паднялася на 2-е месца ў рэйтынгу WTA

Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) апублікавала абноўлены рэйтынг гульцоў. Беларуска Арына Сабаленка паднялася з 3-га на 2-е месца, апярэдзіўшы японку Наомі Осаку. Вікторыя Азаранка страціла 6 пазіцый і апусцілася на 19-ы радок. 27-гадовая беларуска Аляксандра Сасновіч захавала за сабой 99-ю пазіцыю ў рэйтынгу. Вольга Гаварцова палепшыла сваё становішча на 1 радок і займае 136 месца. Лідыруе Эшлі Барці з Аўстраліі.

Беларускі абаронца Мікіта Сіроцін перайшоў у „Ладу”

Беларускі абаронца Мікіта Сіроцін (2000) перайшоў у „Ладу” з ВХЛ. У сезоне-2020/21 Сіроцін бараніў колеры „Юнацтва”, у 32 матчах рэгулярнага сезону набраў 4 (2+2) ачкі, у 11 сустрэчах плэй-оф адзначыўся двума галявымі перадачамі. Разам са сталічнай камандай Сіроцін стаў чэмпіёнам Беларусі.

Жазэ Мурынью хутчэй за ўсіх дасягнуў 50 перамог у чэмпіянаце Італіі

Галоўны трэнер „Ромы” Жазэ Мурынью адзначыўся чарговым дасягненнем. Рымляне стартавалі ў новым сезоне серыі „А” з перамогі ў матчы з «Фіярэнцінай» (3:1). Гэтая вікторыя стала для Мурынью 50-й у чэмпіянаце Італіі. Ён хутчэй за ўсіх у гісторыі заваяваў 50 перамог у эпоху матчаў з 3 ачкамі за перамогу. Для гэтага Мурынью спатрэбілася правесці 77 матчаў. Акрамя таго, Мурынью хутчэй за ўсіх 50 разоў перамог у англійскай прэм’ер-лізе (63 матчы) і іспанскай «Прымеры» (62).

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: handballfast.com