Чатыры ўзнагароды на міжнародным турніры па дзюдо ў Польшчы
Беларускія спартоўцы заваявалі 2 залатыя, 1 срэбраны і 1 бронзавы медаль на міжнародным турніры па дзюдо European Judo Open, які прайшоў з 29 лютага па 1 сакавіка ў Варшаве. У апошні дзень турніру на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўзняўся беларус Аляксандр Сідорык у вагавай катэгорыі 90 кг, які ў фінальным паядынку адолеў азербайджанца Руфата Ісмайлава. Як паведамлялася, раней беларуска Ульяна Мінянкова заваявала залаты медаль. Удзел у турніры прынялі каля 400 спартоўцаў з 44 краін.
Беларускія біятланісты занялі першае месца ў медальным заліку на чэмпіянаце Еўропы ў „Раўбічах”
Беларускія спартоўцы занялі першае месца ў медальным заліку на чэмпіянаце Еўропы па біятлоне ў „Раўбічах”. На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўздымалася біятланістка зборнай Беларусі Алена Кручынкіна, якая выйграла гонку пераследу. Таксама на рахунку яе партнёра па камандзе Сяргея Бачарнікава ўзнагароды вышэйшай пробы ў суперспрынце і пас’юце. Бронзавы медаль у скарбонку беларускай каманды прынесла Ірына Крыўко ў спрынце.
У апошнім спарынгу ў Турцыі менскае «Дынама» прапусціла гол на 40-й секундзе
Менскае „Дынама” ў Турцыі адыграла апошні таварыскі матч і з лікам 0:1 прайграла юрмальскаму «Спартаку». Адзіны гол быў забіты на першай хвіліне гульні. Такім чынам, на турэцкім зборы каманда Сяргея Гурэнкі здабыла толькі адну перамогу – над Луцкай «Валынню». У першым матчы на зборах у Расеі «Дынама» прайграла камандзе ФНЛ «Авангард» з лікам 2:4 і з лікам 6:2 разграміла ФК «Медык». Сталічны клуб новы сезон адкрые 9 сакавіка кубкавым матчам супраць БАТЭ на хатняй арэне, а 14 сакавіка адбудзецца гульня ў адказ на «Барысаў-Арэне».
«Рэал» упершыню за чатыры гады абыграў «Барселону» ў чэмпіянаце Іспаніі
Мадрыдскі «Рэал» выйграў у 26-м туры чэмпіянату Іспаніі ў «Барселоны» – 2:0. Гэтая перамога дазволіла камандзе Зінедзіна Зідана вярнуць сабе лідарства ў турніры. У першым тайме больш галявых момантаў было ў каталонцаў, але другая палова матчу прайшла з адчувальнай перавагай «Рэала». Лік у матчы на 71-й хвіліне адкрыў бразільскі форвард Вінісіўс Жуніор, які адправіў мяч у блізкі кут рыкашэтам ад Піке. А ў канцы гульні, гол забіў Марыяна Дыяс, які толькі выйшаў на замену. Папярэдні раз «Рэал» перамагаў «Барселону» ў чэмпіянаце Іспаніі ў красавіку 2016 года. Пасля гэтага матчу ў актыве «Рэала» 56 ачкоў, «Барселона» мае 55.
У фінальным матчы Кубка лігі „Манчэстэр Сіці” абыграў „Астан Вілу” з лікам 2:1 дзякуючы галам Агуэра і Эрнандэса. „Манчэстар Юнайтэд” і „Эвертан” згулялі ўнічыю ў матчы 28-га тура чэмпіянату Англіі – 1:1. „МЮ” з 42 баламі ідзе пятым у турнірнай табліцы.
Вольга Хіжынкова пакінула пасаду прэс-сакратара берасцейскага „Дынама”
Вольга Хіжынкова пакідае пасаду прэс-сакратара „Дынама-Брэст” пасля трох з паловай гадоў працы ў клубе. Пра гэта паведамляе Твітэр каманды. За ўзаемадзеянне са СМІ будзе адказваць генеральны сакратар клуба Уладзімір Мачульскі.
У матчы плэй-оф КХЛ адбылася масавая бойка
У матчы першага раўнда Кубка Гагарына «Барыс» на сваім лёдзе ўсухую абыграў „Металург” 4:0, але гульня запомнілася, у тым ліку, масавай бойкай, піша allhockey.ru. Гаспадары закінулі чацвёртую шайбу ў большасці у фінале трэцяга перыяду. Пасля таго як суддзя зрабіў ўкідванне ў цэнтральным крузе, хакеісты «Металурга» накінуліся на супернікаў. На лёдзе адбылася масавая бойка, у якой удзельнічалі абедзве пяцёркі супернікаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя