Чэмпіянат Беларусі па хакеі на траве працягнецца ў чэрвені



Чэмпіянат Беларусі па хакеі на траве сярод мужчынскіх і жаночых каманд, які ўзяў паўзу ў красавіку, працягнецца ў пачатку чэрвеня, паведамляе прэс-служба федэрацыі. Чэмпіянат краіны сярод жанчын адновіцца 5-6 чэрвеня. Камандам засталося згуляць шэсць тураў, пасля чаго чатыры лепшыя каманды будзе чакаць серыя плэй-оф. Спаборніцтвы мужчын стартуюць 6-7 чэрвеня. Каб выявіць мацнейшых, ім таксама застаецца згуляць шэсць тураў рэгулярнага чэмпіянату.

ЧЕ па скачках на батуце пройдзе ў Сочы ў 2021 годзе

Чэмпіянат Еўропы па скачках на батуце пройдзе ў Сочы з 29 красавіка па 2 мая 2021 года. Такая інфармацыя размешчана ў афіцыйным Twitter-акаўнце Еўрапейскага гімнастычнага саюза (UEG). Першапачаткова планавалася, што кантынентальны форум пройдзе 7-10 мая гэтага года ў шведскім Гётэборгу. Але з-за пандэміі каронавіруса спаборніцтвы былі перанесены. ЧЕ па скачках на батуце праходзіць адзін раз у два гады. Беларускія спартоўцы у 2018 годзе ў Баку заваявалі 9 залатых і 4 сярэбраныя ўзнагароды.

Павел Раднёнак можа ўзначаліць „Белшыну”

Беларускі спецыяліст Павел Раднёнак можа ўзначаліць „Белшыну”. У дадзены момант з 55-гадовым беларускім спецыялістам вядуцца перамовы, паведамляе football.by. Апошнім месцам працы Раднёнка была „Смаргонь”, якая сезон-2019 завяршыла на 14-м месцы ў першай лізе. Пасля адстаўкі Эдуарда Градабоева „Белшынай” кіраваў Дзмітрый Мігас. Аднак спецыяліст быў дыскваліфікаваны да 7 жніўня.

БФФ перанесла матч 10-га тура вышэйшай лігі паміж „Смалявічамі” і „Менскам” на больш позні тэрмін

Бюро выканкама БФФ прыняло рашэнне аб пераносе матчу 10-га тура вышэйшай лігі паміж „Смалявічамі” і „Менскам”. Паядынак, які павінен быў адбыцца 23 траўня, перанесены на больш позні тэрмін. Таксама перанесены матчы 10-га тура чэмпіянату Беларусі сярод дублёраў „Тарпеда”-БелАЗ (Жодзіна) – „Нёман” (Гародня) і „Смалявічы” – „Менск”.

Чэмпіянат Шатландыі завершаны датэрмінова

Чэмпіянат Шатландыі па футболе завершаны датэрмінова. Па выніках нарады паміж лігай і клубамі было прынята рашэнне, што правесці астатнюю частку чэмпіянату немагчыма. Выніковыя становішча каманд у турнірнай табліцы былі разлічаны па сярэдніх паказчыках ачкоў за матч на момант прыпынення спаборніцтваў у сакавіку. Такім чынам, чэмпіёнскі тытул дастаўся „Селтыку”, які фінішаваў з 13-ачковым адрывам ад бліжэйшага пераследніка ў асобе „Рэйнджэрс”. З вышэйшай лігі вылецеў „Хартс”, які размясціўся на апошнім, 12-м радку .

Фота mogilevnews.by,  Ян Каравай Беларускае радыё Рацыя