Чэмпіянат Беларусі па плаванні перанесены на нявызначаны тэрмін
Чэмпіянат Беларусі па плаванні перанесены на нявызначаны тэрмін, паведамляе прэс-служба Беларускай федэрацыі плавання. Спаборніцтвы павінны былі прайсці 21-25 красавіка ў Берасці пры зачыненых трыбунах. Але з-за сітуацыі з каронавірусам іх перанеслі на нявызначаны тэрмін. Раней таксама БФП адклала на нявызначаны тэрмін першынство Беларусі сярод юніёраў. Першапачаткова спаборніцтвы планаваліся з 31 сакавіка па 4 красавіка. Пра даты турніраў будзе паведамлена пазней.
Зборная Беларусі засталася на 87-м месцы ў рэйтынгу ФІФА
Зборная Беларусі займае 87-е месца ў абноўленым рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА). У параўнанні з мінулым спісам, апублікаваным 20 лютага, становішча каманды Міхаіла Мархеля не змянілася. За мінулы час зборная Беларусі правяла два таварыскія матчы, у якіх з аднолькавым лікам 1:0 перамагла футбалістаў Узбекістана і Балгарыі. Узначальвае рэйтынг зборная Бельгіі.
Два гранды зацікаўлены ў куплі ў „Чэлсі” Нгало Кантэ
Паўабаронца „Чэлсі” і зборнай Францыі Нгало Кантэ можа змяніць клуб бліжэйшым летам. Лонданскі клуб гатовы прадаць футбаліста ў выпадку годнай прапановы. Паводле інфармацыі goal.com, 29-гадовым французам цікавяцца „Рэал” і „ПСЖ”. Кантэ ў сезоне-2019/20 правёў за „сініх” 22 матчы і забіў тры галы. Партал Transfermarkt.com ацэньвае кошт француза ў 80 мільёнаў еўра. Яго кантракт з „Чэлсі” заканчваецца ў 2023 годзе.
Прэс-служба Беларускай федэрацыі футбола: «Матчы 4-га тура не будуць зачыненыя для заўзятараў»
Прэс-служба АБФФ паведаміла аб тым, што чэмпіянат Беларусі працягнецца згодна раскладу. «АБФФ працягвае пільна сачыць за эпідэміялагічнай сітуацыяй у Беларусі. Мы штодня знаходзімся ў цесным кантакце з Міністэрствам аховы здароўя і Міністэрствам спорту. Матчы чацвёртага тура пройдуць згодна раскладу і не будуць зачыненыя для гледачоў», – паведамляе прэс-служба АБФФ.
Чатырохразовы чэмпіён НБА Тоні Паркер заявіў, што гатовы стаць прэзідэнтам футбольнага „Ліёна”
Былы распасоўнік „Сан-Антоніо” і зборнай Францыі Тоні Паркер заявіў, што згодны стаць наступным прэзідэнтам футбольнага „Ліёна”. Раней прэзідэнт клуба, Жан-Мішэль Олас назваў Паркера сваім патэнцыйным пераемнікам, а французскія СМІ паведамлялі, што экс-баскетбаліст зойме пост у 2024 годзе. Тоні Паркер – чатырохразовы чэмпіён НБА, самы каштоўны гулец фінальнай серыі плэй-оф лігі ў 2008 годзе. У складзе зборнай Францыі ён станавіўся чэмпіёнам Еўропы, а таксама сярэбраным і бронзавым прызёрам турніру.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелТА