Чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні афіцыйна адкрыўся ў Менску
У Менску прайшла афіцыйная цырымонія адкрыцця 111-га чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні.
На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі віцэ-прэзідэнт Міжнароднага саюза канькабежцаў (ISU) Аляксандр Лакернік, міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук, старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак.
„Для нашай краіны правядзенне такіх прэстыжных спаборніцтваў – вялікі гонар, – падкрэсліў Сяргей Кавальчук. – Мы пастараліся зрабіць усё, каб чэмпіянат Еўропы прайшоў на высокім арганізацыйным узроўні і ўсе чаканні трэнераў, спартсменаў і балельшчыкаў апраўдаліся. Спадзяюся, „Мінск-Арэна” стане месцам, дзе адкрыюцца новыя таленты”.
За медалі кантынентальнага форуму на лёдзе „Мінск-Арэны” паспаборнічаюць больш за 100 фігурыстаў. Чэмпіянат Еўропы стартаваў сёння кароткай праграмай у жанчын. Выступяць сёння з кароткай праграмай і спартыўныя пары.
Беларусь на ЧЕ прадставяць танцавальная пара Ганна Кублікава і Юрый Гуліцкі, а таксама Якаў Зянько ў мужчынскім адзіночным катанні.
Завершацца спаборніцтвы 26 студзеня, а 27-га пройдзе гала-паказ з удзелам пераможцаў і прызёраў кантынентальнага форуму.