Чэмпіянат Еўропы па футболе: сёлета для беларусаў не будзе як раней



Сёння, 11 чэрвеня, у 22-е гадзіны па беларускім часе матчам паміж зборнымі Турцыі і Італіі пачнецца чэмпіянат Еўропы па футболе, адкладзены на год з-за пандэміі каронавірусу.

Футбольны статыстык і журналіст Уладзімір Хільмановіч у ліку фаварытаў сёлетняга Еўра называе Францыю, Партугалію і Нямеччыну, але спадзяецца, што чэмпіёнам стане адзін з «цёмных конікаў» сёлетняга турніру.

– Група F, гэта так званая група смерці, куды трапілі венгры, чэмпіёны свету французы, чэмпіёны кантыненту партугальцы, ну і Германія, якая павінна рэабілітавацца за мінулы няўдалы мундыяль, бо звычайна на Еўра яна выступае вельмі моцна. Таксама лічу, што па складзе Францыя вельмі ўражвальная. Некаторыя высока ставяць і партугальцаў. І не выключана, што адна з гэтых трох дружын, вельмі моцных, адсеецца ўжо на стадыі групавога турніру. Тым цікавей будзе сачыць за гэтай групай. Я буду заўзець у гэтым квартэце за Венгрыю ў спадзеве, што яна здзейсніць нейкую сенсацыю, зробіць падножку камусьці з моцных гэтага свету.

Уладзімір Хільмановіч таксама пракаментаваў рэзалюцыю еўрапейскай рады, у прыватнасці прапанову пазбавіць Беларускае тэлебачанне права на трансляцыю матчаў еўра і бясплатнай перадачы гэтых правоў тэлеканалу «Белсат».

– З аднаго боку гэта было б санкцыйнай мерай, з іншага боку, я думаю, пацерпяць заўзятары, найперш футбол у Беларусі. Няма ў мяне адназначнага стаўлення, ёсць свае плюсы і свае мінусы. Што пераважвае нават на сёння цяжка сказаць. Добра было б, каб правы былі перададзены “Балсату”. Але зноў-такі доступ да “Белсату” далёка не ў кожнага заўзятара Беларусі ёсць. З іншага боку, калі людзі сядзяць у турмах, то можа і не варта гэтаму Еўра надаваць асаблівую ўвагу беларускім аматарам спорту. У кожным разе ўспрыманне гэтага Еўра ў беларусаў не будзе такім як раней.

Сёлетні чэмпіянат Еўропы па футболе пройдзе ў 11 гарадах 10 краінаў.

Упершыню ў гісторыі турніру яго матчы прыме так шмат гарадоў. Гэтая акцыя звязаная з 60-гадовым юбілеем першага чэмпіянату Еўропы, які прайшоў у 1960 годзе. Усяго ў турніры возьмуць удзел 24 зборныя, падзеленыя на шэсць груп па чатыры каманды ў кожнай. Фінал Еўра-2021 пройдзе на лонданскім стадыёне „Уэмблі” 11 ліпеня.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя