Чэмпіянат свету па хакеі – 2021 пройдзе ў Рызе
Рада Міжнароднай федэрацыі хакею (IIHF) прагаласавала за тое, каб Латвія стала адзінай гаспадыняй чэмпіянату свету па хакеі 2021 года пасля рашэння адклікаць турнір з Менска. Пра гэта паведамляе сайт IIHF, адзначаючы, што «ва ўмовах пастаяннай нявызначанасці ў сувязі з абмежаваннямі міжнародных паездак Рада лічыць, што ўтрыманне ўсіх камандаў у Рызе на працягу ўсяго турніру і пазбяганне паездак паміж дзвюма краінамі-гаспадынямі з’яўляецца найбольш бяспечным і эканамічна эфектыўным спосабам правядзення мерапрыемства».
18 студзеня Міжнародная федэрацыя хакею афіцыйна абвясціла пра пазбаўленне Менска матчаў чэмпіянату свету. Раней асноўныя спонсары хакейных форумаў Nivea, Škoda, Liqui Moly і Tissot катэгарычна заявілі, што будуць падтрымліваць хакейны чэмпіянат свету толькі ў тым выпадку, калі Беларусь пазбавяць права прымаць турнір.
Фота: manaoga.lv
