Чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы-2021 пераносіцца на 2022 год



Кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі афіцыйна пацвердзіла перанос чэмпіянату свету з 2021 на 2022 год. Паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт World Athletics.

Такім чынам федэрацыя адрэагавала на навіну пра перанос Алімпіяды ў Токіа на ліпень – жнівень 2022 года ў сувязі з пандэміяй каронавірусу.

«Падтрымліваем новыя даты правядзення Алімпійскіх гульняў у Токіа. Гэта дае нашым спартоўцам час, неабходны, каб вярнуцца да трэніровак і спаборніцтваў. Кожны чалавек павінен праяўляць гінуткасць і ісці на кампрамісы. Зараз узгадняем з арганізатарамі чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы ў Арэгоне новыя даты спаборніцтваў, якія пройдуць у 2022 годзе», – гаворыцца ў заяве World Athletics.

Нагадаем, што на мінулым чэмпіянаце свету ў Досе беларусы другі планетарны форум запар засталіся без медалёў.

Хакеісты «Юнацтва» і «Шахцёра» працягнуць сёння фінальную серыю чэмпіянату Беларусі

Хакеісты менскага «Юнацтва» і салігорскага «Шахцёра» правядуць сёння ў Менску трэці паядынак фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі. У цяперашні час лік з’яўляецца роўным – 1:1. Два матчы серыі за залатыя медалі прайшлі на лёдзе сталічнай «Чыжоўка-Арэны» і прынеслі кожнай камандзе па перамозе. Спачатку шматразовыя чэмпіёны Беларусі адолелі «гарнякоў» з лікам 5:1, а ў другім паядынку «Шахцёру» удалося ўзяць рэванш 3:2. Наступныя матчы фінальнай серыі пройдуць сёння і заўтра ў Салігорску. Затым, калі спатрэбіцца, паядынкі будуць праходзіць па чарзе на пляцоўках абодвух клубаў да чатырох перамог адной з каманд.

Матчы чэмпіянату Беларусі будуць паказваць у Літве

Матчы чэмпіянату Беларусі будуць паказваць у Літве. Па нашых звестках, адзін з літоўскіх тэлеканалаў набыў права. Літва стане дванаццатай замежнай краінай, якая транслюе матч беларускага першынства. Астатнія адзінаццаць – гэта Расея, Украіна, Ізраіль, Сербія, Харватыя, Славенія, Чарнагорыя, Боснія, Паўночная Македонія, Індыя, і Балгарыя.

Самсонаў пералічыў 10 000 еўра ў дапамогу беларускім медыкам у барацьбе з каронавірусам

Уладзімір Самсонаў пералічыў у Беларусь 10 000 еўра на дабрачынны рахунак для дапамогі беларускім медыцынскім установам у барацьбе з каронавірусам. Пра гэта паведамляе телеграм-канал прэс-службы міністэрства спорту і турызму Беларусі. Самсонаў зʼяўляецца шматгадовым лідарам зборнай Беларусі па настольным тэнісе, заваяваў нямала ўзнагарод на чэмпіянатах свету і Еўропы, быў удзельнікам шасці Алімпійскіх гульняў. Ён быў першай ракеткай свету, трохразовым пераможцам Кубка свету, шасціразовым чэмпіёнам Еўропы ў розных разрадах.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: PxHere