Чэмпіянат свету па плаванні на кароткай вадзе перанесены



Міжнародная федэрацыя плавання (FINA) абвясціла новыя даты правядзення чэмпіянату свету-2021 па плаванні на кароткай вадзе. Спаборніцтвы павінны былі адбыцца з 13 па 18 снежня ў Абу-Дабі, але ў выніку было прынята рашэнне аб тым, што старты лепшых плыўцоў на кароткай вадзе адбудуцца 16-21 снежня 2021 года.

УЕФА адмяніў юнацкія чэмпіянаты Еўропы 2021 года

Выканкам Саюза Еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) прыняў рашэнне адмяніць фінальныя этапы юнацкіх чэмпіянатаў Еўропы (U-19). Такое рашэнне прынята ў сувязі з пандэміяй COVID-19 і звязанымі з гэтым абмежаваннямі пры перасячэнні межаў. Падчас кансультацый нацыянальныя футбольныя федэрацыі падтрымалі рашэнне выканкама УЕФА. Фінальная стадыя кантынентальнага першынства сярод дзяўчат да 19 гадоў павінна была адбыцца ў Беларусі з 21 ліпеня па 2 жніўня. Юнакі павінны былі згуляць у Румыніі.

Былы брамнік зборнай Беларусі Андрэй Гарбуноў увайшоў у трэнерскі штаб „Іслачы”

Андрэй Гарбуноў увайшоў у трэнерскі штаб „Іслачы”. 37-гадовы спецыяліст будзе адным з памочнікаў у асноўнай камандзе. Гарбуноў мае досвед выступаў у Лізе чэмпіёнаў і Лізе Еўропы. Выклікаўся ў моладзевую і нацыянальную зборныя Беларусі. Пасля мінулага сезона ён абвясціў аб завяршэнні кар’еры футбаліста.

Матч за Суперкубак Беларусі пройдзе з гледачамі

Матч за Суперкубак Беларусі, у якім сустрэнуцца БАТЭ і „Шахцёр”, пройдзе з гледачамі. Сустрэча будзе згуляная 2 сакавіка на стадыёне ФК „Менск” і пачнецца ў 19.00. На арэне будзе дзейнічаць масачны рэжым, паведамляе прэс-служба БАТЭ. Па рашэнні БФФ, для заўзятараў БАТЭ выдзелена 325 білетаў. Кошт квіткоў: 6 рублёў.

Кіраўнік БФСС: адправілі ў МАК кейсы Шкурына, Драгуна, Раманоўскай, Казекі і „Крумкачоў”

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці (БФСС) Аляксандр Апейкін распавёў tut.by пра тое, што напярэдадні арганізацыя адправіла ў МАК свежыя прыклады дыскрымінацыі ў дачыненні да беларускіх спартоўцаў.

„Мы дадалі новыя кейсы. У прыватнасці, выпадкі Аляксандры Раманоўскай і Мікалая Казекі, якія мы не адпраўлялі да снежаньскага пасяджэння выканкама МОК. Але зараз Аляксандра ўжо афіцыйна звольненая. Таксама ёсць факты ціску на Казека і яго нядопуску да трэніровачнага працэсу. Даслалі ў МАК і справы з беларускага футбола, якія таксама накіраваныя ў ФІФА і УЕФА. Там ёсць выпадкі Шкурына, Драгуна, НФК „Крумкачы”, гульцоў зборнай па пляжным футболе, журналіста Аляксандра Івуліна і яшчэ некалькі эпізодаў. Паведамілі і пра расследаванне BYPOL па Дзмітрыю Баскаву, які з’яўляецца членам выканкама НАК Беларусі, – распавёў Апейкін.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя