Чэмпіянат свету ў Рызе пройдзе без гледачоў



Прэм’ер-міністр Латвіі Крыш’яніс Карыньш не бачыць магчымасці дапусціць гледачоў на гульні чэмпіянату свету, які пройдзе ў Рызе з 21 мая па 6 чэрвеня.

 „На жаль, эпідэміялагічная сітуацыя па COVID-19 у Латвіі цяпер пагаршаецца. Мы не бачым магчымасці правесці чэмпіянат свету ў прысутнасці гледачоў. Лепш зараз сказаць пра гэта людзям, чым падтрымліваць марныя надзеі”, – сказаў прэм’ер-міністр журналістам. Плануецца, што ўсе 16 зборных-удзельніц турніру будуць размешчаны ў адным гатэлі.

Демба Дарбо прызнаны найлепшым гульцом 6-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі

Нападнік салігорскага „Шахцёра” Демба Дарбо прызнаны найлепшым гульцом 6-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. У пераможным хатнім паядынку з берасцейскім „Рухам” (4:1) гамбійскі форвард аформіў хет-трык і зрабіў адну галявую перадачу. Усяго за мінулыя шэсць тураў 22-гадовы Демба Дарбо восем разоў забіў у браму супернікаў, ён з’яўляецца лідарам бамбардзірскай гонкі.

Аляксандра Сасновіч не прабілася ў асноўную сетку турніру ВТА ў Мадрыдзе

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (N 92 ВТА) у вырашальным матчы кваліфікацыі ў асноўную сетку турніру ВТА ў Мадрыдзе пацярпела паразу ад немкі Лаўры Зігемунд (59) з лікам 6:4, 1:6, 0:6. Матч працягваўся 2 гадзіны 5 хвілін.

Канчатковае рашэнне аб допуску заўзятараў падчас Алімпійскіх гульняў у Токіа прымуць у чэрвені

Канчатковае рашэнне аб допуску японскіх заўзятараў на спартовыя аб’екты, а таксама пра абмежаванні іх запаўняльнасці падчас Алімпіяды ў Токіа будзе прынятае ў чэрвені. Міністр, адказная за правядзенне Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў, Тамаё Марукава паказала на распаўсюджванне розных штамаў каронавірусу, што ўскладняе задачу па прагназаванні далейшай сітуацыі ў краіне. Паводле яе слоў, асноўным прыярытэтам па-ранейшаму застаецца правядзенне бяспечных Гульняў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: allhockey.ru