Чэмпіёнства БАТЭ адкладаецца



24 тур нацыянальнага першынства Беларусі па футболе мог датэрмінова вызначыць чэмпіёна краіны, аднак гэтага не здарылася. Флагман – барысаўскі БАТЭ са свайго боку ўсё для гэтага зрабіў, упэўнена ўзяўшы верх над “Іслаччу” – 4:1. Аднак і іншыя лідары не спалі ў падушку і дружна ўзялі па 3 ачкі.

Нязменны чэмпіён апошніх гадоў на сваім полі першым прапусціў – на 24-й хвіліне вызначыўся Дзмітрый Камароўскі. Але гэта толькі раззлавала жоўта-сініх – далей забівалі толькі яны – Міхаіл Гардзяйчук (28-я хвіліна), Валерыяне Гвілія (32-я), Ігар Стасевіч (88-я) і ўрэшце пад занавес Віталь Радзівонаў (90-я) давялі лік да буйнага. БАТЭ яшчэ на крок стаў бліжэй да чэмпіёнства.

Не на жарты разыгралася менскае “Дынама” – клуб пад кіраўніцтвам Сяргея Бароўскага на гэты раз у гасцях адолеў “Віцебск” – 2:0. Забітымі мячамі тут вызначыліся Уладзімір Хвашчынскі (13-я) і Кірыл Прэмудраў (89-я).

Футбольны клуб “Мінск” дома дастаткова ўпэўнена даў рады “Гарадзеі” – 3:1. Пазней іншых гуляў свой матч салігорскі “Шахцёр” – у Берасці ён прытармазіў мясцовае “Дынама” – 2:1. Героем сустрэчы стаў Дзяніс Лапцеў, які адзначыўся дублем. Толькі пад самы канец дынамаўскі легіянер Торрэс забіў мяч прэстыжу.

Верхняя частка турнірнай табліцы зараз выглядае так: 1. БАТЭ – 60 ачкоў, 2. “Шахцёр” – 45, 3. “Дынама” (Менск) – 41, 4. ФК “Мінск” – 39, 5. “Тарпеда” (Жодзіна) – 36. Заўважым, што жодзінцы і менскія дынамаўцы маюць матч паміж сабой у запасе. З залатымі ўзнагародамі ўсё зразумела даўно, а вось за іншыя медалі на фінішы можа разгарэцца сапраўдная бітва.

За тытул лепшага бамбардзіра змагаюцца форварды БАТЭ Віталь Радзівонаў і Міхаіл Гардзяйчук – у іх адпаведна 14 і 13 трапных стрэлаў.

Беларускае Радыё Рацыя