Чэмпіёны Еўропы пакідаюць мундыяль



У спаборы Уругвая і Партугаліі многія прагназавалі закрыты футбол. Так яно і магло б здарыцца, калі б не гол у стылі алегра, які арганізавалі ла-селестэ. Эдзінсан Кавані з правага фланга праз усё поле папярок перавёў мяч на Луіса Суараса, той яго імгненна ўтаймаваў і скіраваў у штрафную, куды ястрабам прыляцеў той жа Кавані і галавой загнаў мяч у сетку. Шэдэўр, які ўвойдзе ў сусветную хрэстаматыю футболу.

Уругвай, які на гэтым турніры яшчэ не прапускаў, імгненна аддаў тэрыторыю чэмпіёнам Еўропы і стаў круціць сваю фірмовую „бетонамяшалку”. Пара атлетаў з мадрыдскага “Атлетыка” Дыега Гадзін-Хасэ Хіменэс як ніхто ведаюць як дзеіць супраць Крышціяну Раналду. Геніяльны, але як заўсёды празмерна манерны партугалец апынуўся на гэты раз у жорсткіх абцугах і быў нейтралізаваны.

Тым не менш занадта нізкая “пасадка” уругвайцаў давала пэўныя шанцы Партугаліі. На 55-й хвіліне пасля навесу ў штрафную адзін з аксакалаў Пепе застаўся ў адзіноце і яго галава дакладна ведала як распарадзіцца мячом. Так Фернанда Муслера прапусціў першы гол на гэтым чэмпіянаце.

Радасць партугальскіх заўзятараў, аднак, не была працяглай. Рэдкае натхненне злавіў у гэты дзень Кавані, які з правай адправіў у накдаўн суперніка. Паўднёваамерыканцы зноў хуценька перастроіліся і як дасведчаны баксёр сталі дзеіць на ўтрыманне сваёй перавагі. Што ўрэшце ім і ўдалося. Вікторыю Уругвая азмрочыла траўма Кавані. У 1/4-й фіналу Уругвай пазмагаецца з Францыяй.

Чэмпіёны Еўропы партугальцы пакідаюць мундыяль.  

Уругвай – Партугалія – 2:1 (Кавані, 7, 62; Пепе, 55)

Анонс нядзельных гульняў. А 17-й гадзіне на маскоўскіх “Лужніках” пачнецца паядынак паміж дружынамі Іспаніі і Расеі. На чэмпіянатах свету іх ранейшыя шляхі не перасякаліся. На першынстве Еўропы 2008 году пірэнейцы двойчы жорстка абышліся з маскоўцамі. Але гэта было даўно, з таго складу ў абойме расейцаў Ігар Акінфееў, Юрый Жыркоў, у “фурыі роха” – Андрэас Ін’еста, Серхіё Рамас і Давід Сільва. Супраць іспанцаў статыстыка мінулых гадоў – ніколі на першынствах свету і Еўропы яны не перамагалі гаспадароў турніру – 8 такіх удзелаў у плэй-оф – 8 паразаў! Можа таму падтрымаць каманду Фернанда Ера прыехаў зараз сам кароль Іспаніі.

У другім матчы дня а 21-й гадзіне вечару зыдуцца да бар’еру яшчэ дзве еўрапейскія зборныя – Харватыі і Даніі. Нягледзячы на шматлікія дыфірамбы ў бок “шашачных”, скандынавы таксама дружына, якая ўмее гнуць сваю лінію. Таму шанцы на поспех можна лічыць роўнымі. У ранейшых дачыненнях гэтых каманд рахунак таксама адпаведны.

Беларускае Радыё Рацыя