Чэшскі брамнік Дамінік Фурх пяройдзе ў менскае „Дынама”



Чэшскі брамнік Дамінік Фурх можа стаць гульцом менскага „Дынама”.

Клуб і хакеіст ужо дасягнулі дамоўленасці аб падпісанні кантракту, паведамляе інсайдэрскай канал „Хакейны бульбаш”. На рахунку чэха больш за 200 гульняў у КХЛ за омскі „Авангард” і „Северсталь”. Апошні сезон Дамінік правёў у шведскім „Эрэбру”, за які згуляў 46 матчаў (91.8% адбітых кідкоў). Месца асноўнага брамніка „Эрэбру” пасля сыходу Фурха зойме экс-гулец „Дынама” Юнас Энрат.

Вікторыя Азаранка трапіла ў групу Kindness на выставачным турніры ў амерыканскім Чарлстон

У амерыканскім Чарлстане стартаваў жаночы выставачны  тэнісны турнір Credit One Bank Invitational, у якім прымае ўдзел экс-першая ракетка планеты беларуска Вікторыя Азаранка. Вікторыя, якая займае цяпер 58-е месца ў сусветным рэйтынгу, згуляе на першым этапе ў камандзе Kindness (Сардэчна) на чале з капітанам, 13-й ракеткай планеты, амерыканкай Мэдысан Кіз. Тут гуляюць яшчэ чатыры прадстаўніцы ЗША: Элісан Рыск, Аманда Анісімава, Слоан Стывенс і Шелбі Роджэрс, а таксама канадская тэнісістка Лэйла Фернандэс і алімпійская чэмпіёнка –  Моніка Пуіг з Пуэрта-Рыка.

Беларускі абаронца Мікалай Золатаў дапамог „Уралу” выйсці ў паўфінал Кубка Расеі па футболе

Футбалісты екацярынбургскага „Урала” сталі апошнімі ўдзельнікамі паўфінальнай стадыі розыгрышу Кубка Расеі. У заключным чвэрцьфінальным паядынку ўральцы абыгралі ў Яраслаўлі мясцовы „Шыннік” з другога дывізіёна расейскага чэмпіянату з лікам 2:0. Беларускі абаронца пераможцаў Мікалай Золатаў правёў увесь матч. У барацьбе за выхад у фінал футбалісты „Урала” 19 ліпеня сустрэнуцца на сваім полі з падмаскоўным клубам „Хімкі”. У другім паўфінальным матчы лідар расейскай прэм’ер-лігі „Зеніт” прыме ў Санкт-Пецярбургу маскоўскі „Спартак”. Вырашальны паядынак Кубка Расеі запланаваны на 25 ліпеня.

Хет-трык Марсьяля прынёс „Манчэстар Юнайтэд” перамогу над „Шэфілдам”

„Манчэстар Юнайтэд” з буйным лікам абыграў „Шэфілд Юнайтэд” у хатнім матчы 31-га тура чэмпіянату Англіі – 3:0. Усе тры мячы на рахунку Антані Марсьяля. „Інтэр” не утрымаў перамогу над „Сасуола” у хатнім матчы 27-га тура чэмпіянату Італіі — 3:3.

Берлінскі і Нью-Ёркскі марафоны адмянілі з-за пандэміі каронавіруса

Нью-Ёркскі і Берлінскі марафоны адмянілі з-за пандэміі каронавіруснай інфекцыі. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйных сайтах спартовых мерапрыемстваў. Немагчыма арганізаваць Берлінскі марафон, які планаваўся на 27 верасня. Паведамляецца, што дадзенае мерапрыемства таксама немагчыма будзе правесці пазней у гэтым годзе.

Змаганні ў Нью-Ёрку павінны былі адбыцца 1 лістапада. Зарэгістраваным удзельнікам вернуць уступны ўнёсак у поўным аб’ёме або дадуць магчымасць бясплатна прыняць удзел у марафоне ў 2021, 2022 ці 2023 годзе. Раней быў адменены Бостанскі марафон, забег у Токіо прайшоў без гледачоў. На дадзены момант запланаваны марафоны на 4 кастрычніка ў Лондане і 11 кастрычніка ў Чыкага.

Плануюцца таксама старты Менскага паўмарафон на 5,5 км, 10,55 км і 21,097 км, якія павінны адбыцца 13 верасня. Падаць заяўку можна на сайце паўмарафона. Онлайн-рэгістрацыя будзе адкрыта да 12 верасня або да моманту дасягнення максімальнага ліку ўдзельнікаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя