Чорная пятніца для беларускіх гандбалістаў



У Францыі пачаўся мужчынскі чэмпіянат свету па гандболе. У сваім першым паядынку дружына Беларусі ў Руане ў няпростым змаганні саступіла зборнай Чылі – 28:32.

У першым тайме доўга наперадзе былі паўднёваамерыканцы. Толькі перад самым перапынкам значна абноўленая і памаладзеўшая каманда Беларусі здолела дагнаць суперніка. Удалым стаўся выхад на браму галкіпера Івана Мацкевіча. У атацы ж без промахаў дзеіў бамбардзір Арцём Каралёк. На антракт пайшлі пры ліку 14:14.

У другой палове падначаленыя Юрыя Шаўцова сталі больш строга дзеіць у абароне і спакваля завалодалі ініцыятывай. Аднак больш чым на „плюс тры” адарвацца ім не ўдавалася. На 50-й хвіліне лік стаў 24:23. У гэты момант на пляцоўку зноў выйшаў адзін з лідараў Барыс Пухоўскі. Услед беларусы зазналі другое выдаленне запар і былі змушаны гуляць у меншасці. Чылійцы параўнялі лік, а потым і выйшлі наперад – 25:26. Неўзабаве не рэалізаваў пенальці Іван Броўка. Канцоўку сустрэчы беларусы няздарна правалілі.

Найбольш мячоў у складзе Беларусі закінулі ў гэты дзень Арцём Каралёк – ажно 10 і Уладзіслаў Кулеш – 7.

З іншых перэпетый матчу варта адзначыць, што судзіла сустрэчу жаночая пара арбітраў –  дзве сястры-блізняты. На трыбунах была таксама група заўзятараў, якая падтрымлівала нашу дружыну воклічам „Жыве Беларусь!”.

Прайграўшы гэтую сустрэчу, беларусы адразу да мінімуму панізілі свае стаўкі на выхад у плэй-оф, таму што саступілі непасрэднаму канкурэнту.

Беларускае Радыё Рацыя