Чорны тыдзень беларускага футболу



Услед за БАТЭ, які адхапіў смачную аплявуху ў Партугаліі, у вялікую еўракубкавую восень ўступіла менскае „Дынама”. Першы блін выйшаў велізарным камяком. Грэцкі ПАОК ў Салоніках у групавой стадыі Лігі Еўропы разграміў менчукоў 6:1. Як і напярэдадні БАТЭ менскія дынамаўцы прапусцілі ў дэбютным матчы Лігі Еўропы 6 мячоў. Але затое здолелі хоць бы раз забіць у браму сапернікаў. Цікава, што чарнагорскі легіянер дынамаўцаў Няманья Нікаліч адзначыўся ў гэтым матчы не толькі голам саперніку, але таксама і аўтаголам.  Лік матчу з ПАОКам – гэта амаль паўтарэнне ўласнага антырэкоду па буйных паразах у еўракубках. У сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя менчукі прайгралі з розніцай 5 мячоў нямецкаму „Вердэру” у Кубку УЕФА – 0:5.

У наступным матчы Лігі Еўропы менскае „Дынама” 2 кастрычніка прыме на „Барысаў-Арэне” італійскую „Фіярэнціну”, якая ў першым туры разграміла французскі „Генгам” – 3:0. Сярод іншых вынікаў матчаў Лігі Еўропы адзначым таксама паразу „Рыу Авэ” у складзе з Рэнанам Брэсанам кіеўскаму „Дынама” – 0:3. Польская «Легія» мінімальна перайграла бельгійскі “Локерэн”, дзякуючы голу Міраслава Радовіча. “Краснадар” беларускага трэнера Алега Конанава згуляў унічыю з французскім «Лілем» – 1:1. “Севілья” упэўнена ўзяла тры ачкі ў матчы з “Феенордам” – 2: 0, ангельскі «Эвертан» разграміў нямецкі “Вольфсбург” –

4: 1. Маскоўскае „Дынама” выйграла ў „Панацінаікаса” 2:1, а лонданскі „Тотэнхэм” не змог адолець „Партызан” з Белграда 0:0.

А тым часам Зборная Беларусі апусцілася на адзін радок у чарговым рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбола і знаходзіцца на 89-м месцы, маючы 364 балы. За мінулы месяц падначаленыя Георгія Кандрацьева правялі два матчы: у хатнім спарынгу была разгромленая каманда Таджыкістана – 6:1, а ў стартавай гульні кваліфікацыі Еўра-2016 у Люксембургу была нічыя – 1:1. Вераснёўскі рэйтынг-ліст ўзначальвае чэмпіён свету зборная Нямеччыны, на другой пазіцыі віцэ-чэмпіёны планеты аргенцінцы, а на трэцяе месца ўзнялася зборная Калумбіі, якая абышла ўладальніка бронзы нядаўняга бразільскага мундыялю каманду Нідэрляндаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя