ЧС-2022 па спартовай хадзе перанеслі з Менска ў Аман
Камандны чэмпіянат свету па спартовай хадзе ў 2022 годзе замест Менска прыме Аман. Сусветная лёгкаатлетычная асацыяцыя адзначыла, што рашэнне аб пераносе было прынята па выніках разгляду адмысловай справаздачы, падрыхтаванай камітэтам па рызыках. „Мы дамовіліся перанесці камандны чэмпіянат свету-2022 з Менска, ёсць абмежаванні ў падарожжах у Беларусь, цяжкасці ў дыпламатычных адносінах. Рады аб’явіць, што савет абраў Маскат, Аман ў якасці месца замяшчэння”, – паведаміў кіраўнік Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Себасцьян Коў.
Ганна Марусава выйшла ў 1/8 фіналу алімпійскага турніру па стральбе з лука
Беларуская спартоўка Ганна Марусава паспяхова стартавала ў індывідуальным алімпійскім турніры па стральбе з лука. У 1/32 фіналу беларуска перамагла нямецкую лучницу Лізу Унрух – 6:4, а ў 1/16 фіналу была мацнейшая японкі Азусы Ямаучы – 6:0. Заўтра выступ пачнуць яшчэ дзве беларускія спартоўкі. У 1/32 фіналу саперніцай Карыны Дзямінскай будзе прадстаўніца Бангладэш Дзія Сідзік, а Карына Казлоўская сустрэнецца з мексіканкай Алехандрай Валенсіяй.
Ілля Івашка выбыў у 1/8 фіналу АГ-2020
Ілля Івашка (66-ы нумар рэйтынгу АТП) выбыў у 1/8 фіналу АГ-2020. Беларус саступіў прадстаўніку Японіі Кею Нісікоры (69 АТП) – 6:7 (7:9), 0:6.
Дар’я Барысевіч не выступіць на Гульнях-2020 у Токіо
Беларуская бягуха на 1500 метраў Дар’я Барысевіч не выступіць на Алімпіядзе-2020 у Токіо з-за траўмы. „Я лячу дадому! На жаль, АГ пройдуць без мяне. Праведзена вялікая праца, набрана форма і … траўма. Сур’ёзная траўма, пры якой мой удзел у бегу на 1500м аказалася немагчымым. Усім поспехаў і дзякуй!” – напісала Барысевіч ў Facebook.
Аліна Змушко стала 26-й на дыстанцыі 200 м брасам на АГ-2020
Беларуска Аліна Змушко прыплыла 26-й на дыстанцыі 200 м брасам на АГ і не выйшла ў паўфінал. Яшчэ адна беларуска Анастасія Шкурдай прыплыла 28-й на дыстанцыі 100 м вольным стылем і таксама не змагла прайсці ў паўфінал.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя