ЧС па гандболе. Беларусы адолелі арабаў
Пасля сенсацыйнай паразы ад Чылі на чэмпіянаце свету па гандболе ў Францыі беларусам неабходна было абыграць іншага аўтсайдара – Савудаўскую Арабію. У няпростай барацьбе, калі на працягу большай часткі матчу наша каманда вяла толькі адзін-два мяча, падначаленыя Юрыя Шаўцова ўсё ж змаглі перамагчы з лікам 29:26. У складзе беларускай зборнай 9 мячоў закінуў Барыс Пухоўскі. Ён жа, на жаль, у канцоўцы не рэалізаваў два вельмі патрэбныя пенальці. 6 галоў на рахунку Арцёма Каралька, 4 закінуў Сяргей Шыловіч. У першым тайме тры сямімятровыя запар парыраваў беларускі брамнік Вячаслаў Салдаценка.
Зрэшты, выйгрыш з меншай розніцай, чым параза ад Чылі, змушае беларусаў набіраць ачкі ў матчы з Вугоршчынай, Харватыяй або Нямеччынай. Ужо сёння беларусы згуляюць з адным з фаварытаў турніру – зборнай Харватыі.
Беларускае Радыё Рацыя