ЧС па хакеі: лідары ў групах – Расея і Германія
Хакеісты зборнай Расеі атрымалі сваю чацвёртую перамогу запар на чэмпіянаце свету ў Славакіі, разграміўшы італьянцаў з лікам 10:0.
Як і чакалася, расеяне, якія лічацца аднымі з галоўных фаварытаў турніру, не мелі ніякіх праблем у гульні з адным з аўтсайдараў. Ужо ў першым перыядзе італьянцы прапусцілі 4 шайбы, а потым расейскія хакеісты вызначыліся яшчэ 6 разоў. Для Італіі гэта чацвёртае паражэнне, прычым яны яшчэ не закінулі ніводнай шайбы, прапусціўшы 30. У іншым паядынку 4-га тура ў групе В зборная Швейцарыі таксама дабілася сваёй чацвёртай запар вікторыі, абыграўшы нарвежцаў – 4:1. Турнірнае становішча ў групе В: Расея – 12 ачкоў (4 матчы), Швейцарыя – 12 (4), Швецыя – 6 (3), Чэхія – 6 (3), Латвія – 6 (3), Аўстрыя – 0 (3), Нарвегія – 0 (4), Італія – 0 (4).
Лідар групы А зборная Германіі сустракалася з гаспадарамі турніру славакамі і за дзве хвіліны да заканчэння 3-га перыяду ўступала з лікам 1:2. Аднак славацкія хакеісты, як і ў гульні з канадцамі, у канцы не змаглі ўтрымаць перамогу і ўступілі 2:3. Для нямецкай дружыны гэта чацвёртая перамога ў чатырох сустрэчах. Хакеісты ЗША былі мацнейшымі за каманду Вялікабрытаніі – 6:3. Турнірнае становішча ў групе А: Германія – 12 (4), ЗША – 8 (4), Фінляндыя – 7 (3), Канада – 6 (3), Данія – 5 (3), Славакія – 3 (4), Францыя – 1 (3), Вялікабрытанія – 0 (4).
Сёння на сусветным першынстве адбудуцца 4 паядынкі:
група А: Канада – Францыя (пачатак у 17.15 беларускага часу), Фінляндыя – Данія (21.15);
група В: Швецыя – Аўстрыя (17.15), Чэхія – Латвія (21.15).
Па выніках першага этапу барацьбу за ўзнагароды прадоўжаць па 4 лепшыя каманды з дзвюх груп.