Да Алімпіяды ў Токіа рыхтуюцца 263 беларускія спартоўцы 



Да галоўных стартаў чатырохгоддзя рыхтуюцца 263 беларускія спартоўцы ў 27 відах спорту. Такія лічбы былі агучаны на выніковай калегіі Міністэрства спорту і турызму.

На дадзены момант алімпійскія кваліфікацыйныя патрабаванні і нарматывы выканалі 69 беларускіх спартоўцаў у 15 відах спорту. Адборавыя турніры працягнуцца да канца чэрвеня. Такім чынам, беларусы могуць разлічваць на каля 100 алімпійскіх ліцэнзій. XXXII летнія Алімпійскія гульні пройдуць у Токіа з 24 ліпеня па 9 жніўня. На галоўных стартах чатырохгоддзя будзе разыграна 339 камплектаў медалёў у 33 відах спорту. Папоўнілі алімпійскую праграму бейсбол / софтбол, каратэ, сёрфінг, скалалажанне і скейтбордынг.

Два беларускія барцы грэка-рымскага стылю занялі пятыя месцы на ЧЕ ў Рыме

Беларускія атлеты Аляксандр Лявончык у вагавай катэгорыі 67 кг і Станіслаў Шафарэнка ў вазе 82 кг, якія выступаюць у грэка-рымскай барацьбе, спыніліся за крок ад п’едэстала гонару чэмпіянату Еўропы, які праходзіць у італьянскім Рыме. Аляксандр Лявончык перамог у двух паядынках і прайграў таксама ў двух сутычках. У супрацьстаянні за бронзавы медаль беларус не змог адолець літоўскага змагара Крыступаса Слейву. Яшчэ адзін беларус Станіслаў Шафарэнка саступіў у сутычцы за трэцяе месца немцу Ханэсу Вагнэру. Як паведамлялася, раней Максім Нягода заваяваў залатую ўзнагароду кантынентальнага форуму.

«Цмокi-Miнск» выйшлі ў «Фінал чатырох» EWBL

Баскетбалісткі «Цмокi-Miнск» выйшлі ў «Фінал чатырох» Еўрапейскай лігі (EWBL). Падначаленыя Андрэя Ваўлева перамаглі ў хатнім матчы расейскую «Ніку» з Сыктыўкара з лікам 70:59. Першая сустрэча гэтых каманд, якая адбылася 30 студзеня на арэне расейскага клуба, завяршылася перамогай беларускай дружыны з лікам 75:69. У мінулым сезоне чэмпіёнам стаў латвійскі клуб «ТТТ» з Рыгі, які абыграў у вырашальным паядынку «Цмокi-Miнск» з лікам 73:63.

Крыўко, Алена Кручынкіна, Бачарнікаў і Смольскі прадставяць Беларусь у змяшанай эстафеце на Чэмпіянаце свету

Трэнерскі штаб зборнай Беларусі па біятлоне вызначыў склад каманды на чэмпіянат свету ў італьянскім Антхольцы. Чэмпіянат свету пачынаецца сёння і працягнецца па 23 лютага. Будзе разыграна 12 камплектаў узнагарод. Беларусь у мужчынскіх стартах прадставяць Сяргей Бачарнікаў, Раман Елетнаў, Мікіта Лабастаў, Антон Смольскі, Максім Верабей. Сярод жанчын за медалі паспрачаюцца Ірына Крыўко, Дынара Алімбекава, Ганна Сола, Алена і Ірына Кручынкіны.

«Напалі» адолеў «Інтэр» на яго поле ў першым матчы паўфіналу Кубка Італіі

«Напалі» на выездзе перамог «Інтэр» у першым матчы 1/2 фіналу Кубка Італіі – 1:0. Адзіны мяч забіў Фабіян Руіс. Сустрэча ў адказ адбудзецца 5 сакавіка. У складзе «Напалі» згулялі два футбалісты зборнай Польшчы. Пётр Зеліньскі правёў на поле 82 хвіліны, а Аркадыуш Мілік выйшаў на поле на 73-й хвіліне. «ПСЖ» разграміў «Дыжон» ў матчы чвэрцьфіналу Кубка Францыі – 6:1. У пераможцаў дублем адзначыўся Пабла Сарабія. «Атлетык» на хатняй арэне перамог «Гранаду» ў першым матчы 1/2 фіналу Кубка Іспаніі – 1: 0. Адзіны мяч забіў Ікер Муніаін. Сустрэча ў адказ пройдзе 5 сакавіка.

«Шахцёр» другі турэцкі збор пачаў з перамогі над тульскім «Арсеналам»

Салігорскі «Шахцёр» на другім турэцкім зборы правёў першы спарынг супраць тульскага «Арсенала» і перамог з лікам 3:2. Менавіта ў «Арсенал» у мінулым годзе не без скандалу перайшлі гульцы «Шахцёра» Валер Грамыка і Юрый Кавалёў. На зборы «Шахцёр» згуляе яшчэ супраць украінскага «Коласа», грузінскай «Дзілы» і завершыць праграму спарынгаў матчам супраць клуба з Туркменістана «Шагадам». 4 сакавіка «Шахцёр» згуляе супраць берасцейскага «Дынама» ў матчы за Суперкубак Беларусі. Гульня пройдзе на стадыёне футбольнага клуба «Мінск».

Раённыя ўлады расфармуюць ФК «Маладзечна»

Мясцовых чыноўнікаў не задаволіў вялікі бюджэт і выдаткі клуба ў 2019-м годзе, калі той заняў трэцяе месца ў другой лізе. Таксама раённыя ўлады не зацікаўлены ў двух камандах у чэмпіянаце Беларусі і будуць аказваць садзейнічанне «Андэрдогу» (Чысць), які заняў чацвёртае месца, паведамляе by.tribuna.com. На чэмпіянаце вобласці раён прадставяць РКЗ (Радашковічы), таму «Маладзечна» не будзе нават у Д4. Маладзечанскі райвыканкам таксама адклікаў ліст клуба, што гатовы прыняць удзел у першай лізе.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелТА