Дамінік Цім выйшаў у паўфінал „Australian Open”
Іспанец Рафаэль Надаль саступіў Дамініку Ціму ў чвэрцьфінале „Australian Open”.
Аўстрыец перамог у чатырох сэтах і ўпершыню ў кар’еры прабіўся ў паўфінал турніру ў Аўстраліі. Немец Аляксандр Звераў упершыню ў кар’еры стаў паўфіналістам турніру „Вялікага шлема”. У чвэрцьфінале Звераў, сёмы сеяны, сустракаўся са швейцарцам Станісласам Ваўрынкам і перамог у чатырох сэтах – 1:6, 6:3, 6:4, 6:2. У паўфінале ён згуляе з Дамінікам Цімам.
Расейка Анастасія Паўлючэнкава на стадыі 1/4 фіналу „Australian Open” прайграла іспанцы Гарбін Мугурусе – 5:7, 3:6. У паўфінале турніру Мугуруса сустрэнецца з румынскай тэнісісткай Сымонай Халеп, якая ў сваім чвэрцьфінальным паядынку разграміла прадстаўніцу Эстоніі Анет Кантавейт – 6:1, 6:1.
Названыя склады тэнісных зборных Беларусі і Нідэрландаў на матч Кубка Федэрацыі
Капітаны жаночых тэнісных зборных Беларусі і Нідэрландаў назвалі склады на кваліфікацыйны матч Кубка Федэрацыі, які пройдзе 7-8 лютага ў Гаазе. Таццяна Пучак уключыла ў заяўку беларускай каманды 5 спартовак: Арыну Сабаленку (12-ы нумар сусветнага рэйтынгу), Вікторыю Азаранку (50), Аляксандру Сасновіч (94), Вольгу Гаварцову (192) і Лідзію Марозаву (1137). Нідэрланды выставілі наступных тэнісістак: Кікі Бертенс (10), Аранчу Рус (93), Леслі Керхаў (167), Інды дэ Фрооме (208) і Дэмі Схюрс (14-ы нумар парнага рэйтынгу WTA). Раней зборныя Беларусі і Нідэрландаў сустракаліся ў розыгрышы Кубка Федэрацыі 4 разы – нідэрландкі перамаглі тройчы, беларускі толькі раз.
Беларускія біятланісты занялі 7-е месца ў эстафеце на юніёрскім ЧС у Швейцарыі
Беларускія біятланісты занялі сёмае месца ў эстафеце на юніёрскім чэмпіянаце свету ў Швейцарыі. Эстафетны квартэт з Беларусі, у склад якога ўвайшлі Ілля Аўсеенка, Дзмітрый Лазоўскі, Іван Тулацін і Кірыл Цюрын, зайшоў на адзін штрафны круг і выдаткаваў 11 дадатковых патронаў. Перамаглі расейцы, срэбра ў немцаў, бронза ў французаў.
У Японіі ўхвалена заяўка Сапара на правядзенне зімовай Алімпіяды 2030 года
Алімпійскі камітэт Японіі прыняў рашэнне ўхваліць заяўку Сапара на правядзенне зімовых Алімпійскіх гульняў 2030 года. Сапара першапачаткова хацеў прэтэндаваць на правядзенне Гульняў 2026 года, аднак пасля землятрусу два гады таму адмяніў гэтае рашэнне. Прэзідэнт МАК Томас Бах раней станоўча ацаніў горад як кандыдата на правядзенне Алімпіяды у 2030 годзе. Акрамя таго, Сапара ў гэтым годзе прыме марафонскі забег летніх Алімпійскіх гульняў, паколькі надвор’е там больш прахалоднае ў параўнанні з Токіа.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота pressball.by