„Дандолк” устанавіў рэкорд Лігі Еўропы
Чэмпіён Ірландыі „Дандолк” стаў першым клубам у гісторыі, які не зрабіў ні аднаго фолу ў матчы Лігі Еўропы. Гэта адбылося ў выязным паядынку з лонданскім „Арсеналам” (0:3). Пры гэтым футбалісты англійскага клуба 20 раз парушалі правілы, а галоўны суддзя сустрэчы Філіп Глова з Славакіі не паказаў ні адной карткі.
Ягор Герасімаў прайграў Фрэнсісу Ціафа ў чвэрцьфінале турніру ў Нур-Султане
Першая ракетка Беларусі Ягор Герасімаў (83 АТП) не змог стаць першым паўфіналістам турніру ў Нур-Султане. У чвэрцьфінале ён саступіў амерыканцу Фрэнсісу Ціафа (64) – 6:7, 7:5, 5:7. Наступным супернікам Ціафа стане пераможца супрацьстаяння Томі Пол (ЗША, 59) – Джон Мілман (Аўстралія, 45).
Гандбалісты „Кёльце” выйшлі на першае месца ў групе А Лігі чэмпіёнаў
Гандбалісты польскага „Кёльце” выйшлі на першае месца ў групе А Лігі чэмпіёнаў. У гасцявым матчы шостага тура „Кёльце” згуляў унічыю з партугальскім „Порту” – 32:32 (17:19). Беларускі легіянер польскага чэмпіёна Арцём Каралёк закінуў тры мячы, Уладзіслаў Кулеш на пляцоўку не выходзіў. Чэмпіёны Беларусі гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” павінны былі гуляць на выездзе з нарвежскім „Эльверумам”, але гэтая сустрэча была перанесена ў сувязі з эпідэміялагічным становішчам. У паядынку сёмага тура 18 лістапада ля берасцейцаў намечаны гасцявы матч з „Фленсбургам”.
„Кайрат” Аляксея Шпілеўскага адолеў на выездзе „Астану”
У чарговым матчы чэмпіянату Казахстана „Кайрат” на чале з беларусам Аляксеем Шпілеўскім адолеў на выездзе „Астану” з лікам 1:0. „Кайрат”, які ў 16-й сустрэчах набраў 41 ачко, займае першае месца. У „Астаны”, якая размясцілася на другой пазіцыі, 27 балаў у 15 паядынках.
Беларусь – Літва: квіткі на матч Лігі нацый ужо ў продажы
15 лістапада ў рамках Лігі нацый УЕФА нацыянальная зборная Беларусі на стадыёне „Дынама” правядзе матч супраць каманды Літвы. Пачатак матчу ў 20.00. „Квіткі ўжо ў продажы на сайце ticketpro.by. Кошт квіткоў ад 4 да 8 BYN. З улікам патрабаванняў УЕФА ў сувязі з эпідэміялагічным становішчам, для заўзятараў будзе адкрыта 25% месцаў стадыёна. Звяртаем увагу заўзятараў на тое, што пры наведванні матчу неабходна мець ахоўную маску, а таксама выконваць сацыяльную дыстанцыю”, – гаворыцца ў паведамленні сайта БФФ.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя