Даніла Клімовіч выдаў найлепшы матч у кар’еры



У АХЛ (другая па сіле ліга Паўночнай Амерыкі) завяршыўся чарговы тур. „Абатсфард” абыграў „Сан-Дыега Галс” з лікам 4:0.

Даніла Клімовіч Фота: hockey.by

У пераможцаў 18-гадовы беларускі хакеіст Даніла Клімовіч набраў два (1+1) ачкі, нанёс 4 кідкі і зарабіў „+1”. Клімовіч набірае ачкі ў трэцяй гульні запар. Беларус упершыню ў кар’еры набраў два балы за матч у АХЛ. У яго актыве ў гэтым сезоне 8 (3+5) ачкоў у 17 гульнях

Ілля Шымановіч паказаў другі вынік у кваліфікацыі на ЧС па плаванні на кароткай вадзе

Беларускі плывец Ілля Шымановіч паказаў другі вынік у кваліфікацыйных заплывах на 100 м брасам на чэмпіянаце свету на кароткай вадзе, які стартаваў у Абу-Дабі (ААЭ). Лідарам на дадзеным этапе стаў спартовец з Нідэрландаў Арно Каммінга. Паўфінальныя заплывы на 100 м брасам у мужчын адбудуцца ўвечары 16 снежня.

„Мэрсэдэс” адмовіўся ад апеляцыі і не будзе аспрэчваць чэмпіёнства Ферстапена

„Мэрсэдэс” выпусціў заяву, у якой паведаміў, што адмаўляецца ад апеляцыі. Пасля Гран-пры Абу-Дабі у класе гонак Формула-1 нямецкая каманда сцвярджала, што рэстарт пасля рэжыму машыны бяспекі быў зроблены не па правілах. „Мэрсэдэс” падаў два пратэсты, якія былі адхіленыя сцюардамі. Затым чэмпіёны свету апавясцілі аб намеры падаць апеляцыю, аднак зараз адмовіліся ад дадзенай ідэі. Чэмпіёнам стаў пілот „Рэд Бул” Макс Ферстапен, Льюіс Хэмілтан з каманды Мэрсэдэс заняў другое месца ў асабістым заліку.

Нямецкая канькабежка Клаўдыя Пехштайн прайшла кваліфікацыю на Алімпіяду ў Пекін

Пяціразовая алімпійская чэмпіёнка з Германіі Клаўдыя Пехштайн выканала нарматыў для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях-2022 у Пекіне. На этапе Кубка свету ў Калгары 49-гадовая спартсменка заняла 11-е месца ў мас-старце і перамясцілася на 17-е ў сусветным рэйтынгу, што дае ёй магчымасць выступіць у гэтай дысцыпліне на Гульнях. Пехштайн, якая таксама з’яўляецца шасціразовай чэмпіёнкай свету, можа паўтарыць рэкорд па найбольшай колькасці ўдзелаў у зімовых Алімпіядах. На рахунку немкі сем выступаў на Гульнях, пачынаючы з Альбервіля-1992, дзе яна выйграла бронзу. Дзеючы рэкардсмен – японскі скакун з трампліна Нарыякі Касаі (восем удзелаў).

Беларускае Радыё Рацыя