Данія выбіла Расею з футбольнага Еўра
Позна ўвечары 21 чэрвеня на футбольным Еўра развязалася заблытаная турнірная сітуацыя ў групе В.
Цягам паралельных матчаў бягучая сітуацыя мянялася неаднаразова. Доўгі час у матчы Бельгія-Фінляндыя была нічыя і суомі трымаліся на другім месцы. Урэшце больш класная бельгійская каманда ўзяла сваё – 2:0 (галы – Лукаш Градзецкі, аўтагол, 74-я хвіліна, Рамелу Лукаку, 81-я).
Данія пачала матч з Расеяй досыць блякла. Каманда Станісллава Чарчэсава мела свой план на гульню і хвілін 25 нават гуляла лепш. Аднак рэалізаваць адзіны рэальны шанц на гол не змагла. А на 38-й хвіліне Мікель Дамсгор бліскучым ударам здалёк адкрыў лік.
У другім тайме на 59-й хвіліне Юсуф Поульсен скарыстаўся грубай памылкай расейскага абаронцы і падвоіў перавагу гаспадароў поля. Пасля гэтага на авансцэну выйшаў французскі арбітр, які не паказаў другой жоўтай карткі Кудрашову (павінна было быць выдаленне!), а потым паставіў досыць спрэчны пенальці ў браму Шмайхеля. Арцём Дзюба рэалізаваў 11-мятровы і часова Расея выйшла на 3-е месца. Але далей датчанаў было не спыніць – яны забілі яшчэ двойчы, а маглі і больш. Астатнія мячы на рахунку Андрэаса Крысценсена і Якіма Мэле. Данія перамагла – 4:1.
Выніковае становішча ў групе: 1. Бельгія – 9 ачкоў, 2. Данія – 3 ачкі, 3. Фінляндыя – 3, 4. Расея – 3. Пры роўнасці пунктаў каманды занялі месцы адпаведна розніцы мячоў.
Бельгія і Данія выйшлі ў 1/8-ю фіналу. Ужо вядома, што Данія сустрэнецца з Уэльсам.
Расея пакідае турнір, а Фінляндыя будзе чакаць вынікаў у іншых групах і спадзявацца на зручны расклад .
Беларускае Радыё Рацыя