Дантэ. Сем кругоў пекла для Бразіліі
Сенсацыйна завяршыўся першы паўфінальны матч на чэмпіянаце свету па футболе ў Белу-Арызонці. Дружына Бразіліі на сваім полі была разгромлена Нямеччынай – 7:1.
Ужо у сярэдзіне першага тайма інтрыга згасла канчаткова. Немцы проста здзекаваліся з супернікаў і забівалі як хацелі і хто хацеў. Абарона пентакампеонаў у адсутнасць капітана Ціагу Сільвы, якога ня змог належна замяніць Дантэ, рассыпалася ўшчэнт. Пры тым бразільцы ўмудрыліся ўсталяваць антырэкод чэмпіянатаў свету. Жоўта-сінія прапусцілі 5 мячоў у сваю сетку за нейкіх 18 хвілін – з 11-й па 29-ю. Думаецца, што гэтае антыдасягненне не хутка пераўзыдуць нават відавочныя аўтсайдары.
Спярша Томас Мюлер, пасля падавання корнера Тоні Кросам застаўся ў поўнай адзіноце і не адмовіўся ад падарунку. Гэта быў 5-ы гол прадстаўніка “Баварыі” на бягучым мундыялі, тым самым ён паўтарыў свой вынік на мінулым чэмпіянаце і ўвайшоў у тузін лепшых снайпераў за ўсю гісторыю. Толькі 13-ці бамбардзірам удалося забіць на сусветных форумах 10 і болей мячоў. Адзін з гэтых суперфорвардаў Міраслаў Клозэ ўчора вырваўся ў аднаасобныя лідары. Нямецкі ветэран з другой спробы прабіў такі няшчаснага ў гэты вечар брамніка Жуліё Сезара і цяпер можа спакойна завяршаць сваю бліскучую кар’еру ў барвах бундэстым. Клозэ забіў свой 16-ы мяч на чэмпіянатах свету і абышоў бразільца Раналда.
Пасля двойчы забіў іртутна рухавы Тоні Крос, а яшчэ мабільны Самі Хедзіра. Пры тым немцы карысталіся імклівымі контратакамі і дробным перапасам, сярод якога бразільцы глядзеліся не звыклымі чараўнікамі мяча, а жаўтаротымі птушанятамі-пачаткоўцамі.
У другім тайме выйшаўшы на замену Андрэ Шурле ўжо дабіваў Бразілію, заўзятары якой у скрусе плакалі на трыбунах. Толькі на апошняй хвіліне немцы дазволілі сабе секунднае паслабленне і Оскар крыху падсаладзіў горыч сапраўднай катастрофы. 1:7 – так у паўфіналах першынства планеты яшчэ ніколі ніхто не прайграваў.
1/2 фіналу. Германія – Бразілія – 7:1. Галы: Томас Мюлер, 11, Міраслаў Клозэ, 23, Тоні Крос, 25, 26, Самі Хедзіра, 29, Андрэ Шурле, 69, 79; Оскар, 90.
Лепшы гулец сустрэчы Тоні Крос, называць лепшага ў складзе Бразіліі проста недарэчна.
Такім чынам Германія ў фінале, бразільцы ж павінны залізваць цяжкія раны і пастарацца рэабілітавацца ў змаганні за бронзу.
Бітва за гонар кантыненту
Сёння пройдзе другі паўфінальны паядынак. Аргенціне належыць не толькі самой перамагаць, але і пасля фіяска Бразіліі ратаваць гонар кантыненту. А то будзе зусім сорамна, калі ў Паўднёвай Амерыцы ў фінале сустрэнуцца дзве дружыны Старога свету. Шыльда Аргенціна – Нідэрлянды – гэта таксама класіка сусветнага футболу. Заўзятарам са стажам адразу прыходзіць на памяць захапляльны фінал 1978-га году, калі “альбіселестэ” на хатнім першынстве перамаглі “аранжавых” – 3:1. Упершыню ж на мундыялі супернікі сустрэліся ў Германіі ў 1974-ым і тады “лятучыя галяндцы”, якімі кіраваў легендарны Рынус Міхелс і ў шэрагах якіх тварыў Ёхан Кройф, разграмілі апанентаў ажно 4:0. Потым быў згаданы рэванш аргенцінцаў у фінале праз 4 гады, калі спатрэбіўся авертайм. Наступнае рандэву адбылося ў Францыі ў 1998-ым на стадыі чвэрцьфіналу. Згодна з чаргой перамаглі Нідэрлянды – 2:1. У 2006-ым шляхі зноў перасекліся, на гэты раз у групавым турніры – 0:0. Гэта быў матч, дзе абодва бакі абсалютна задавальняў мір і па сутнасці ніхто не хацеў выйграваць. Іншая рэч – зараз. Галяндцы поўныя мэтнасці чацвёрты раз у сваёй біяграфіі выйсці ў фінал і ўрэшце стаць чэмпіёнамі. Аргенціна вядзе паход за сваім трэцім “залатым руном”. Агульная статыстыка на карысць “аранье”: 3 вікторыі, 1 параза, 1 нічыя, розніца мячоў 13:6 на карысць еўрапейцаў.
Як падаецца на гэтым першынстве ў Нідэрляндаў мацнейшая атака, у Аргенціны – больш надзейная абарона. Вялікая страта ў “альбіселестэ” – сур’ёзная траўма крэатыўнага Анхеля Дзі Марыі. У галяндцаў хутчэй усяго не выступіць абаронец Рон Флаар, у якога пашкоджана калена. А вось галоўны “паліцэйскі” аранжавых Найджэл дэ Ёнг імаверна выйдзе на поле пасля пашкоджання. Шмат будзе залежаць ад выступу лідараў: Ліанэль Месі ці Ар’ен Робэн? Кожны з іх адзін здольны вырашыць зыход сустрэчы і адначасна аформіць цвёрдую заяўку на тытул лепшага футбаліста чэмпіянату.
Уладзімір Хільмановіч/Uladzimir Khilmanovich, Беларускае Радыё Рацыя