Дар’я Домрачава абвясціла пра завяршэнне кар’еры
Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Дар’я Домрачава завяршыла кар’еру. Пра сваё рашэнне спартоўка, якой 3 жніўня споўніцца 32 гады, абвясціла 25 чэрвеня на спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце.
„Дастаткова няпроста было сабрацца сёння. Я вельмі доўга думала, але прыйшоў час расставіць кропкі над „i”, — сказала Домрачава. — Я спрабавала знайсці кампраміс паміж выхаваннем дзіцяці і прафесійнай спартыўнай кар’ерай. На жаль, я не знайшла аптымальнага рашэння, якое дазваляе сумяшчаць гэтыя сферы жыцця”.
Паводле слоў спартоўкі, гэта рашэнне абдуманае, хоць і нялёгкае. „Адчуваю, што на сённяшні дзень гэта правільнае рашэнне”, — сказала Домрачава.
Яна адзначыла, што муж Оле-Эйнар Б’ёрндален гатовы быў падтрымаць любое яе рашэнне, а нядаўні сыход з біятлона Надзеі Скардзіны ніяк не паўплываў на яе пазіцыю. „Гэта абсалютна адасобленыя рашэнні”, — сказала спартсменка.
Тры залатыя медалі Домрачава заваявала ў 2014 годзе на зімовых Алімпійскіх гульнях у Сочы (у гонцы пераследу, індывідуальнай гонцы і гонцы з масавым стартам), яшчэ адзін — на ЗАГ-2018 у Пхёнчхане (у эстафеце 4 па 6 км). Акрамя таго, у яе сярэбраная ўзнагарода ў мас-старце на Алімпіядзе-2018 і „бронза” ў індывідуальнай гонцы на Гульнях 2010 года ў Ванкуверы.
Домрачава — двухразовая чэмпіёнка свету (гонка пераследу ў 2012 годзе і мас-старт — у 2013-м), трохразовы сярэбраны (змяшаная эстафета ў 2008-м, мас-старт у 2011-м, спрынт у 2012-м) і бронзавы (эстафета у 2011-м) прызёр ЧС. Уладальніца Кубка свету-2014/15 і пяці малых хрустальных глобусаў Кубка свету. Герой Беларусі (2014), заслужаны майстар спорту. Самая ўплывовая жанчына Беларусі па выніках апытання БелаПАН (2018).
У ліпені 2016 года Домрачава выйшла замуж за знакамітага нарвежскага біятланіста Оле-Эйнара Б’ёрндалена. У кастрычніку таго ж года ў пары нарадзілася дачка, якую назвалі Ксеніяй.