Дар’я Домрачава без медалёў
Харвацкі біятланіст Якаў Фак, які прыняў славенскае грамадзянства, выйграў апошнюю гонку на чэмпіянаце свету ў фінскім Конціёлахці. Фак дапусціў 1 промах і выйграў мас-старт, апярэдзіўшы ў фінішным спрынце чэха Онджэя Мараўца, які таксама толькі аднойчы прамахнуўся. Да апошняга за перамогу змагаліся і Тар’е Бо з Уле-Эйнарам Б’ёрндаленам, але на фінішы яны ўсё ж такі не вытрымалі тэмп лідараў. У барацьбе за бронзу паспяховей апынуўся старэйшы з братоў Бо. Беларускі біятланіст Юрый Лядаў усю гонку ішоў у ліку лідараў, але на апошняй стральбе дапусціў адзін промах і апусціўся на 21-е месца.
Перамагла ў жаночым мас-старце ўкраінка Валянціна Семярэнка, якая прайшла ўсе чатыры агнявыя рубяжы без промахаў і на 6 секунд апярэдзіла немку Францыску Пройс. Дар’я Домрачава вельмі ўпэўнена пачала гонку, уцёкшы ў адрыў яшчэ на першым крузе. Два першыя агнявыя рубяжы беларуска прайшла без промахаў і нязменна ўзначальвала пелатон. На жаль, трэці агнявы рубеж завяршыўся для Домрачавай двума штрафнымі коламі і восьмым месцам у пратаколе. Выправіць сітуацыю лідарка агульнага заліку Кубка свету паспрабавала на завяршальнай стральбе. Яе Дар’я адпрацавала без памылак і пакінула стадыён на 5-м месцы з адставаннем ад подыўма ў 10 секунд. Адразу ж за Домрачавай на трасу ўцякла італійка Карын Оберхофер. На пару яны па чарзе апярэдзілі Габрыэлу Соўкалаву і Францыску Хільдэбранд, а ў спрынце за бронзу хутчэй апынулася біятланістка з Апенінскай паўвыспы. Домрачава фінішавала на чацвёртым месцы. Адрыў Дар’і Домрачавай ад фінкі Кайсы Мякярайнен ў змаганні за Вялікі крышталёвы глобус пасля гонкі з масавым стартам павялічыўся да 21 ачка. На жаль, зборная Беларусі не змагла заваяваць ніводнага медаля на чэмпіянаце свету.
Беларускае Радыё Рацыя