Дар’я Навумава выйграла золата чэмпіянату Беларусі па цяжкай атлетыцы



Срэбраная медалістка Гульняў-2016 Дар’я Навумава выйграла золата чэмпіянату Беларусі па цяжкай атлетыцы ў трэці дзень спаборніцтваў у „Стайках”. Тытулаванай спартоўцы, якая выступала ў вагавай катэгорыі 76 кг, у двубор’і скарылася вага 228 кг (рывок 103 + штуршок 125 кг). Срэбра на рахунку Дзіны Сазанавец. Ураджэнцы Клічава скарыліся выніковыя 218 кг (97 + 121). Трэцяе месца ў гэтай катэгорыі заняла Аляксандра Колюгава – 199 кг (91 у рыўку + 108 у штуршку).

Азаранка лёгка абыграла 5-ю ракетку свету

Вікторыя Азаранка, якая мае 14 месца ў сусветным рэйтынгу,  працягвае здзіўляць усіх, злавіўшы «другое дыханне». Пасля „тэніснага” каранціну яна выйграла турнір у Нью-Ёрку, затым дайшла да фіналу US Open, а напярэдадні ў 1/16 „Прэм’ера” у Рыме з прызавым фондам  2 мільёны 100 тысяч даляраў лёгка абыграла амерыканку Сафію Кенін – на дадзены момант 5-ю ракетку свету. Сафія наогул нічога не змагла супрацьпаставіць беларусцы і ў выніку прайграла ў двух сэтах 6:0, 6:0, не ўзяўшы ніводнага гейма, у сустрэчы быў толькі адзін матч-пойнт. Уся гульня доўжылася крыху больш за гадзіну. У 1/8 турніру Вікторыі трэба будзе пазмагацца з расейкай Дар’яй Касаткінай.

Футбалісты БАТЭ завяршылі выступы ў Лізе Еўропы

Футбалісты барысаўскага БАТЭ не здолелі прабіцца ў трэці кваліфікацыйны раўнд Лігі Еўропы, саступіўшы на выездзе балгарскаму ЦСКА з лікам 0:2. У першым тайме сустрэчы ў Сафіі барысаўчане ні ў чым не саступалі гаспадарам, і на 33-й хвіліне ісландскі легіянер БАТЭ Вілюм Вілюмсан зарабіў пенальці. Аднак выйсці наперад гасцям не ўдалося – удар сербскага форварда барысаўчан Неманьі Міліча адбіў бразільскі галкіпер ЦСКА Густава Бузата. А праз дзесяць хвілін армейцы дамагліся поспеху пасля ўдару гамбійскага форварда Алі Соу. У другой палове гульні падначаленыя Кірыла Альшэўскага шмат атакавалі, стварылі некалькі добрых момантаў, але не рэалізавалі іх. У самым канцы гаспадары забілі яшчэ адзін мяч у браму Дзяніса Шчарбіцкага.

УЕФА назваў прэтэндэнтаў на званне лепшых гульцоў клубных турніраў

Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый вызначыў прэтэндэнтаў на званне лепшых гульцоў мінулага сезону Лігі чэмпіёнаў УЕФА і Лігі Еўропы. У шорт-ліст Лігі чэмпіёнаў уключаны па тры футбалісты ў кожным гульнявым амплуа, прычым з 12 намінантаў 9 прадстаўляюць трыўмфатара чэмпіёнскай Лігі – мюнхенскую „Баварыю”.

На ўзнагароды прэтэндуюць: брамнікі – Кейлар Навас („Пары Сен-Жэрмен”), Мануэль Ноер („Баварыя”), Ян Облак ( „Атлетыка”, Мадрыд); абаронцы – Давід Алаба, Алфонсо Дэйвіс, Йозуа Кіміт (усе – „Баварыя); паўабаронцы – Томас Мюлер, Цьяга Алькантара (абодва – „Баварыя”), Кевін дэ Бройнэ ( „Манчэстар Сіці”); нападнікі – Роберт Левандоўскі („Баварыя”), Кіліан Мбапэ, Неймар (абодва – „Пары Сэн-Жэрмэн”).

Міжнародная федэрацыя хакея разгледзіць пытанне аб пераносе ЧС з Менска

Міжнародная федэрацыя хакея (ІІХФ) у бліжэйшы час правядзе ацэнку сітуацыі ў Беларусі, каб прыняць рашэнне, ці варта праводзіць у краіне чэмпіянат свету — 2021. Латвія і Беларусь павінны сумесна прыняць турнір у траўні наступнага года, але прэм’ер-міністр Латвіі адправіў у міжнародную федэрацыю ліст, у якім адзначыў, што краіна не жадае праводзіць чэмпіянат сумесна з Беларуссю.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя