Дацкія этапы „Тур дэ Франс” – 2021 перанесены на год з-за ЧЕ па футболе
Этапы велашматдзёнкі „Тур дэ Франс”, якія павінны былі прайсці па тэрыторыі Даніі ў 2021 годзе, перанесены на 2022 год.
Першапачаткова „Тур дэ Франс” ў 2021 годзе, меў адбыцца ў ліпені, але ў сувязі з алімпійскімі спаборніцтвамі па веласпорце на шашы было прынята рашэнне перанесці тэрміны велагонкі на больш раннія даты. На тэрыторыі Даніі планавалася арганізаваць тры этапы. Але каб яны не перасякаліся з матчамі адкладзенага з-за пандэміі чэмпіянату Еўропы па футболе было прынята рашэнне адкласці іх на год. Чакаецца, што менавіта ў сталіцы Даніі будзе дадзены старт „Тур дэ Франс” ў 2022 годзе.
Дзмітрый Анцілеўскі – лепшы гулец 20-га тура
Нападнік „Тарпеда”-БелАЗ Дзмітрый Анцілеўскі быў прызнаны рэдакцыяй „Прессбола” найлепшым гульцом 20-га тура чэмпіянату Беларусі. Анцілеўскі выйшаў на поле ў матчы з БАТЭ пасля перапынку пры ліку 1:2 і дапамог жодзінцам перамагчы віцэ-чэмпіёнаў (3:2). На рахунку форварда гол і выніковая перадача. Цікава, што сваю кар’еру Анцілеўскі пачынаў як раз у БАТЭ, але ў Барысаве не спатрэбіўся. „Тарпеда”-БелАЗ ўпершыню ў сваёй гісторыі справілася з БАТЭ ў хатнім матчы.
Этап лёгкаатлетычнай „Дыяментавай лігі” ў Досе перанесены на 25 верасня
Этап ” Дыяментавай лігі” ў Досе адбудзецца 25 верасня. Інфармацыя пра гэта змешчана на афіцыйным сайце Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Першапачаткова этап у Катары павінен быў прайсці ў красавіку, але з-за пандэміі каронавіруса яго перанеслі на 9 кастрычніка. Цяпер апублікаваная новая дата – 25 верасня. Плануецца, што адбудуцца спаборніцтвы ў 12 дысцыплінах. Спіс спартоўцаў, якія атрымаюць запрашэнне на змаганні, стане вядомы пазней.
„Барселона” мае намер падвысіць суму адчэпных за 17-гадовага форварда да 400 мільёнаў еўра
Кіраўніцтва „Барселоны” плануе пачаць перамовы з нападнікам Ансу Фаці пра змены ўмовы кантракту, які дзейнічае. Як паведамляе Marca, каталонцы хочуць падоўжыць пагадненне з 17-гадовым іспанцам, якое мінае ў 2022 годзе, і прапісаць у ім суму адчэпных ў памеры 400 мільёнаў еўра. У сезоне-2019/20 Фаці правёў за „Барселону” 32 матчы, на яго рахунку 8 галоў і 1 выніковая перадача. Партал Transfermarkt ацэньвае кошт 17-гадовага футбаліста ў 50 мільёнаў еўра.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Getty Images