Дэйв Льюіс пакінуў пасаду галоўнага трэнера беларускай хакейнай зборнай



Пасля трох паражэнняў на старце 82-га чэмпіянату свету па хакеі ў Даніі канадзец Дэйв Льюіс пакінуў пасаду галоўнага трэнера беларускай зборнай.

Пасля няўдалага старту на чэмпіянаце свету, а таксама з улікам сітуацыі, у якой апынулася зборная Беларусі па хакеі з шайбай, Федэрацыя хакея Беларусі і галоўны трэнер зборнай Дэйв Льюіс прынялі сумеснае рашэнне аб тым, што ўзначаліць зборную Беларусі павінен іншы спецыяліст. Дэйв Льюіс лічыць, што змены ў трэнерскім штабе могуць надаць камандзе неабходны імпульс для паляпшэння гульні, таму пакідае размяшчэнне зборнай„, — паведаміла ноччу 8 мая прэс-служба ФХБ.

Да канца ЧС выкананне абавязкаў галоўнага трэнера зборнай ускладзены на Сяргея Пушкова — асістэнта Льюіса і галоўнага трэнера чэмпіёна краіны гродзенскага „Нёмана”.

Беларуская каманда прайграла Швецыі (0:5), Францыі (2:6) і Расіі (0:6). У групе А яна займае апошняе восьмае месца і рызыкуе вылецець з топ-дывізіёна. Астатнія матчы: 9 мая — са Швейцарыяй, 11-га — з Чэхіяй, 12-га — з Аўстрыяй, 15-га — са Славакіяй.

Льюіс узначаліў зборную 12 снежня 2014 года. На чэмпіянаце свету-2015 яна заняла сёмае месца (выхад у чвэрцьфінал), на ЧС-2016 — 12-е, на ЧС-2017 — 13-е.

Сяргей Пушкоў на прэс-канферэнцыі 14 красавіка заявіў, што з аптымізмам чакае чэмпіянат свету. „Хлопцы разумеюць, што гуляюць не за сябе, а за краіну, — сказаў ён. — У гульцоў „Дынама” пасля нетрапляння ў плэй-оф ёсць жаданне паказаць сябе на больш высокім узроўні. Хакеісты трэніруюцца з вялікай самааддачай. Ёсць траўмы, ёсць страты , але да чэмпіянату яшчэ могуць з’явіцца гульцы для нацыянальнай зборнай”.

Пушкоў заклікаў СМІ падтрымаць зборную перад ЧС: „У прэсе шмат песімістычных настрояў, а хлопцы ж таксама гэта чытаюць. Трэба дапамагчы ім, падняць камандны дух. Я бачыў, з якім аптымістычным настроем адпраўляюць свае зборныя за мяжой”.

Паводле слоў старшыні Федэрацыі хакея Сямёна Шапіры, ён сустракаўся з членамі каманды і ніхто „пра грошы нават не казаў”. „За вынік прэміяльны фонд трэба прадумаць, але хлопцы сапраўды гуляюць на патрыятызме”, — адзначыў ён.   БелаПАН