Дэніз Херман выйграла спрынт у Кантыялахці



Нямецкая біятланістка Дэніз Херман выйграла спрынт на восьмым этапе Кубка свету, які праходзіць у фінскім Кантыялахці. Яна пераадолела 7,5 км за 20 хвілін.

Яе партнёрка па камандзе Францыска Пройс стала другой з адставаннем у 20 секунд. Бронзавую ўзнагароду заваявала нарвежская спартоўка Тырыль Экхаф з адставаннем 32 секунды.

Беларуска Алена Кручынкіна стала 16-й і паўтарыла свой лепшы вынік на этапах Кубка свету, Ірына Кручынкіна заняла 50-е месца. Дынара Алімбекава размясцілася на 88-м радку выніковага пратаколу. Усяго фінішавалі 95 спартовак.

Лепшы вынік сярод беларускіх хлопцаў у аналагічнай гонцы 12 сакавіка паказаў Антон Смольскі, які заняў 16-е месца. Перамог нарвежскі біятланіст Ёханэс Бё. Працягнуцца спаборніцтвы сёння гонкамі пераследу.

Мартэн Фуркад абвясціў пра завяршэнне кар’еры

Пяціразовы алімпійскі чэмпіён па біятлоне Мартэн Фуркад завяршыў спартовую кар’еру. Запіс пра гэта французскі спартовец зрабіў у сваім афіцыйным акаўнце ў сацыяльных сетках. „Прыйшоў час развітвацца”, – напісаў Мартэн Фуркад. Апошнім стартам для 31-гадовага біятланіста павінна стаць гонка пераследу на 8-м этапе Кубка свету ў Кантыялахці.

Мартэн Фуркад лідыруе ў агульным заліку Кубка свету, апярэджваючы на 10 ачкоў нарвежца Ёханэса Бё. Зрэшты, у правілах прапісаны вылік ачкоў за дзве горшыя гонкі ў сезоне, таму рэальным лідарам з’яўляецца скандынаў. Мартэн Фуркад – пяціразовы алімпійскі чэмпіён, двухразовы срэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў, 13-разовы чэмпіён свету, сяміразовы ўладальнік Кубка свету ў агульным заліку з сезона-2011/2012 па сезон-2017/2018, шматразовы чэмпіён Францыі. Ён займае першае месца ў гісторыі біятлона па суме заробленых прызавых.

Хакеісты „Юнацтва” перамаглі „Дынама-Маладзечна” ў другім паўфінальным матчы

Шматразовыя чэмпіёны Беларусі хакеісты «Юнацтва» святкавалі  другую запар вікторыю над дынамаўцамі з Маладэчна ў паўфінальнай серыі плэй-оф чэмпіяната Беларусі. Каманда Дзмітрыя Краўчанкі вяла ў ліку, але прайграла з лікам 3:5, прапусціўшы тры шайбы ў трэім перыядзе.  

Трэці матч серыі адбудзецца ў райцэнтры Менскай вобласці ў нядзелю у 12.30. Сёння ж пройдзе другі паядынак паміж гарадзенскім „Нёманам” і салігорскім „Шахцёрам”. У першым матчы падначаленыя Сяргея Пушкова ўзялі верх з лікам – 4:2.

IIHF адмяніла матчы другога і трэцяга дывізіёнаў Чэмпіяната свету па хакеі

Турніры другога і трэцяга дывізіёнаў чэмпіянату свету па хакеі адменены з-за пагрозы распаўсюду каронавіруса. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце Міжнароднай федэрацыі хакея. Паведамляецца таксама, што рашэнне па правядзенні або адмене чэмпіянату свету ў элітным дывізіёне, дзе павінна выступаць і зборная Беларусі, будзе прынята ў аўторак, 17 сакавіка. 84-ы чэмпіянат свету па хакеі ў элітным дывізіёне павінен прайсці 8-24 траўня ў швейцарскіх гарадах Цюрых і Лазана.

Баксёры разлічваюць на 4 алімпійскія ліцэнзіі на турніры ў Лондане

Беларуская федэрацыя бокса разлічвае найменьш на чатыры ліцэнзіі для спартоўцаў на турніры алімпійскай кваліфікацыі ў Лондане. Пра гэта БЕЛТА расказаў выканаўчы дырэктар федэрацыі Дзяніс Сабалеўскі. З беларускіх хлопцаў за ліцэнзіі форуму паспрачаюцца Антон Чарнамаз, Дзмітрый Асанаў, Аляксандр Радзівонаў, Віталь Бандарэнка, Міхаіл Даўгалевец  і Уладзіслаў Смяглікаў. У спаборніцтвах дзяўчат Беларусь прадставяць Юлія Апанасовіч, Галіна Бруевіч, Ала Старадуб  і Вікторыя Кебікава. Спаборніцкая частка турніру алімпійскай кваліфікацыі пачнецца сёння, а завершацца спаборніцтвы 24 сакавіка.

Украінскі абаронца стаў футбалістам менскага «Дынама»

27-гадовы ўкраінскі абаронца «Слована» Арцём Сухоцкі будзе выступаць за менскае «Дынама» на правах арэнды да сярэдзіны ліпеня, паведамляецца на сайце каманды. Футбаліст з’яўляецца выхаванцам акадэміі кіеўскага «Дынама», выступаў за маладзёжную і другую каманды кіяўлян, але за асноўны склад так і не дэбютаваў. Затым падпісаў кантракт з «Ільечэўцэм», аднак за галоўную каманду з Марыупаля таксама не згуляў ні матчу. Выступаў у складзе «Александрыі», луганскай «Зары». У студзені 2018 года перайшоў у славацкі «Слован», дзе да бягучага моманту згуляў у 51-й гульні, забіў 3 мячы і аддаў 9 выніковых перадач.  За гэты клуб Сухоцкі таксама выступаў на групавым этапе Лігі Еўропы УЕФА. У складзе бела-сініх украінец будзе выступаць пад нумарам 24.

Матч баскетбалістаў „Цмокi-Мiнск” і „Пармы” перанесены

Кіраўніцтва Адзінай лігі ВТБ вырашыла часова спыніць правядзенне матчаў рэгулярнага чэмпіянату з-за ўспышкі віруса COVID-19. Такім чынам, сустрэча паміж баскетбалістамі „Цмокi-Мiнск” і расейскім клубам „Парма” з Пермі, якая павінна была адбыцца 15 сакавіка на арэне менскага „Фалькон клуба”, будзе перанесена. Да гэтага менскія „Цмокі” святкавалі пяць вікторый у 19 паядынках банкаўскага турніру. Адну з іх падначаленыя Расціслава Вергуна здабылі ў гульні з „Пармай”, выйграўшы ў першым крузе ў Пермі з лікам 86:75.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ont.by