Домрачава ці Мякярайнен?
Змаганне за Вялікі крышталёвы глобус у жанчын-біятланістак дасягае свайго апагею. У Ханты-Мансійску пачаўся заключны этап Кубку свету. Спрынтарскую гонку выйграла фінка Кайса Мякярайнен. На двух агнявых рубяжах яна толькі адзін раз не трапіла ў мішэнь. Іншая асноўная прэтэндэнтка на галоўны трафей – беларуска Дар’я Домрачава на гэты раз была змушана задаволіцца бронзай. ДД двойчы схібіла пры стральбе і адстала ад Кайсы на 15 секунд. Паміж імі ўклінілася немка Лаура Дальмаер, у якой сярэбраная ўзнагарода. Менавіта спрынт вызначыў стартавы парадак пры гонцы пераследу.
Іншыя беларускі выступілі так: Надзея Скардзіна – 15-е месца (1 промах, адставанне ад пераможцы 1 хвіліна 27 сек), Надзея Пісарава – 18-е (2, 1,38), Настасся Дубарэзава і Ірына Крыўко абсалютна з аднолькавым часам – 34-е. Усяго стартавала 71 удзельніца.
Адрыў у агульным заліку Кубку свету паміж лідаркай Домрачавай і пераследніцай Мякярайнен скараціўся да 13 ачкоў.
Беларускае Радыё Рацыя