Домрачаву і Скардзіна праводзілі ў „Раўбічах” з вялікага спорту
Чатырохразовую алімпійскую чэмпіёнку Дар’ю Домрачаву і алімпійскую чэмпіёнку Надзею Скардзіна праводзілі 18 лютага з вялікага спорту пасля фестывалю „Гонка легенд” у спарткомплексе „Раўбічы”.
Праслаўленыя беларускія біятланісткі звярнуліся да балельшчыкаў, якія, паводле слоў Дар’і і Надзеі, усе гады іх кар’еры былі разам з імі. „Удзячна нашым паклоннікам, якія заставаліся з намі ў час трыумфу і паражэнняў. Дзякуй, што ў любой сітуацыі падтрымлівалі нас. Адчувала любоў балельшчыкаў на працягу многіх гадоў, дзеля вас выступала і старалася не падводзіць, апраўдваць вашы надзеі”, – сказала Дар’я Домрачава.
„Дзякую ўсім балельшчыкам за станоўчую энергетыку, якую вы нам перадаяце. Паверце, кожнае слова, кожнае пажаданне для нас з Дашай было вельмі важна і дапамагала нам дабівацца поспеху”, – падкрэсліла Надзея Скардзіна.
Цырымонія праводзін завяршылася маляўнічым лазерным шоу і салютам, што па заслугах ацанілі трыбуны „Раўбіч”, якія яшчэ доўга праводзілі легенд біятлона авацыямі.
На завяршэнне „Гонкі легенд” адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў біятлоннага фестывалю, у якой прынялі ўдзел міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук, першы віцэ-прэзідэнт НАК Андрэй Асташэвіч, старшыня Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Дзмітрый Лукашэнка.
Запомніцца ўзнагароджанне ў „Раўбічах” пераможцам і прызёрам „Снежнага снайпера”. Медалі юным біятланістам ўручылі Халвар Ханевальд, Венсан Дэфран, Карын Аберхофер, Фларанс Баверэль, П’ер Альберта Карара. Дапамагаў праслаўленым атлетам ва ўзнагароджанні будучых зорак спорту талісман II Еўрапейскіх гульняў лісяня Лёсік.
Вядучыя беларускія біятланісткі аб’явілі аб завяршэнні кар’еры летам мінулага года. Надзея Скардзіна пасля перамогі ў складзе эстафетнага квартэта на зімовых Гульнях у Пхёнчхане, у чэрвені 2018-га вырашыла завяршыць прафесійную спартыўную кар’еру. У яе актыве таксама бронзавая ўзнагарода ў індывідуальнай гонцы на Алімпійскіх гульнях 2014 года.
Дар’я Домрачава за кар’еру выйграла чатыры залатыя медалі (тры ў Сочы ў 2014-м і адну ў Пхёнчхане ў 2018-м). Беларуска з’яўляецца двухразовай чэмпіёнкай свету (2012 і 2013), уладальніцай Кубка свету 2014/15, уладальніцай пяці малых Хрустальных глобусаў Кубка свету па біятлоне. За поспехі на сочынскай Алімпіядзе ёй прысвоена званне „Герой Беларусі”. Біятланістка 25 чэрвеня 2018 года аб’явіла аб завяршэнні прафесійнай спартыўнай кар’еры, вырашыўшы сканцэнтравацца на выхаванні дачкі Ксеніі.
„Гонка легенд” трэці раз прайшла ў спарткомплексе „Раўбічы”.