Дубль 18-гадовага Ложкіна дапамог „Смалявічам” перамагчы „Іслач”



Футбалісты „Смалявічаў” абыгралі на сваім полі „Іслач” з лікам 3:1 у стартавым паядынку 17-га тура чэмпіянату Беларусі.

У першым тайме галявы дубль аформіў пачатковец гаспадароў Уладзіслаў Ложкін, які прыйшоў на правах арэнды з менскага „Дынама”. Пасля перапынку Аляксандр Джыгера забіў трэці гол, а госці толькі ў кампенсаваны час здолелі адыграць адзін мяч намаганнямі Аляксандра Макася.

Лідары турніру матчы 17-га тура правядуць сёння на сваіх арэнах. Футбалісты БАТЭ пасля дзвюх паразаў запар прымуць на полі „Барысаў-Арэны” мазырскую „Славію”, а ў Салігорску „Шахцёр”, які не прайграе ўжо 11 тураў запар, згуляе з „Гарадзеяй”. Таксама сёння галоўны няўдачнік сезона бабруйская „Белшына” сустрэнецца на сваім полі з жодзінскім „Тарпеда-БелАЗам”.

Лебедзеў і  Лявіцкі падпісалі кантракты з „Белшынай”

Паўабаронцы Дзмітрый Лебедзеў і Дзяніс Лявіцкі падпісалі кантракты з „Белшынай”. Выхаванец салігорскага футбола, Лебедзеў, гуляў за дубль „Шахцёра” і „МТЗ-РІПА”. Прафесійны дэбют адбыўся ў 2007 годзе ў „Смаргоні”, дзе ён правёў два сезоны. 2010 год правёў у „Віцебску”, дзе прыняў удзел у 8 матчах. У гэтым жа годзе перайшоў у „Нёман”. У 2012 годзе перастаў трапляць у асноўны склад гарадзенскага клуба, у выніку ў жніўні  перайшоў у „Гарадзею”. У складзе гэтай каманды ён правёў восем сезонаў і стаў адным з асноўных гульцоў. У красавіку падпісаў кантракт з „Крумкачамі” і стаў лепшым бамбардзірам каманды.

Дзяніс Лявіцкі перайшоў у „Белшыну” на правах арэнды. Пагадненне з „Тарпеда”-БелАЗам будзе дзейнічаць да канца сезона.

У сезонах 2017, 2018 гадоў Лявіцкі абараняў колеры магілёўскага „Дняпра”. У 2018 перайшоў у жодзінскае „Тарпеда”-БелАЗ, дзе гуляў да апошняга часу. У сёлетнім чэмпіянаце футбаліст правёў у складзе жодзінцаў тры гульні, а на полі знаходзіўся ўсяго 29 хвілін, паведамляе прэс-служба „Белшыны”

«Рэал» адолеў «Алавес» ў матчы чэмпіянату Іспаніі

Мадрыдскі «Рэал» абыграў «Алавес» у матчы 35-га тура чэмпіянату Іспаніі. Сустрэча завяршылася з лікам 2:0 на карысць мадрыдскага клуба. Лік у матчы адкрыў Карым Бензема, які на 11-й хвіліне рэалізаваў пенальці. На 50-й хвіліне вызначыўся Марка Асэнсіа, характэрна, што ў ролі асістэнта выступіў Бензема. «Рэал» набраў 80 ачкоў і замацаваўся на першым месцы турнірнай табліцы.

Прадстаўнікам зборнай Украіны ўручылі золата ЧЕ-2015 пасля дыскваліфікацыі расейскага квартэта з-за допінгу

Украінскія біятланісты сталі лепшымі на чэмпіянаце Еўропы, які прайшоў у 2015 годзе ў эстонскім горадзе Отэпя. Для таго, каб прызнаць гэта, спатрэбілася пяць гадоў. Капітан ўкраінскай нацыянальнай мужчынскай біятлоннай каманды Дзмітрый Підручны паведаміў у Instagram Stories, што прынята канчатковае рашэнне з нагоды ўладальнікаў залатых медалёў гэтага чэмпіянату ў эстафетнай гонцы. У 2015 годзе ўкраінскія біятланісты на чэмпіянаце фінішавалі другімі у эстафеце, адстаўшы ад расейцаў на 14,2 секунды.

Аднак калі былі апублікаваныя вынікі допінг-кантролю, высветлілася, што спартовец Аляксандр Печэнкін, які выступаў у складзе расейскай зборнай, ужываў фармакалагічныя стымулятары. За гэта парушэнне расейцаў пазбавілі перамогі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Рдыё Рацыя

Фота: ФК „Дынама”