Дубль Савіцкага дапамог „Нёману” разграміць „Іслач”
Футбалісты гарадзенскага „Нёмана” разграмілі „Іслач” і ўзняліся на другое месца ў табліцы чэмпіянату Беларусі. Гуляючы ў Маладэчне, каманда Ігара Кавалевіча тройчы забіла супернікам: галявы дубль аформіў Павел Савіцкі, яшчэ адзін мяч забіў Ягор Зубовіч – 3:0. У апошнім матчы 11-га тура футбалісты „Слуцка” прымалі барысаўскі БАТЭ і перамаглі з лікам 1:0. Адзіны мяч быў забіты ў канцы першай паловы матчу Сяргеем Пушняковым. Для „Слуцка” гэта трэцяя вікторыя ў сёлетнім турніры, БАТЭ не можа выйграць у чацвёртым матчы запар.
Сабаленка не без цяжкасцяў прабілася ў чвэрцьфінал «Ралан Гарос»
У 1/8 фіналу Адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе беларуска ледзь выйграла ў амерыканкі 30-га нумара рэйтынгу Слоан Стывенс. У першым сэце беларуска вяла 5:0, потым аддала пяць геймаў, справа дайшла да тай-брэйку, у выніку Арына перамагла — 7:6 (7:5). Другі сэт таксама не абышоўся без цяжкасцяў, але беларуска перамагла — 6:4. У чвэрцьфінале Сабаленка згуляе з украінкай Элінай Світолінай, якая перамагла расіянку Дар’ю Касаткіну — 6:4, 7:6.
Драгун абвясціў пра завяршэнне кар’еры. Ён быў у «чорным спісе» Мінспорту
Зрабіў гэта ён у свой дзень народзінаў. Футбалісту споўнілася 35 гадоў. Яму ў каментарах напісалі наступнае: «Твой сыход — вялікая страта і для БАТЭ, і для ўсяго беларускага футбола. Дзякуй табе за яркую гульню і за тое, што не прамаўчаў, калі нельга было маўчаць. Гэтыя пасажыры ля руля пасядзяць і сыдуць, а твае ўчынкі запомняцца надоўга, як і цудоўны гол на 53-й хвіліне».
Станіслаў Драгун пачынаў кар’еру ў менскім «Лакаматыве», гуляў у «Гомелі», менскім «Дынама», расейскіх «Крылах Саветаў» і «Арэнбургу», з 2017 года гуляў за БАТЭ. У верасні 2020 года ён разам з іншымі футбалістамі выступіў супраць гвалту, за што потым трапіў у «чорны спіс» Міністэрства спорту. Летась футбаліст на поле ўжо не выходзіў.
Бензема пакідае «Рэал»
Уладальнік «Залатога мяча» Карым Бензема не стаў працягваць кантракт з каралеўскім клубам. Ён пакідае «Рэал» па заканчэнні сезона. Напярэдадні «Рэал» у апошнім туры згуляў унічыю з «Атлетыкам» з Більбаа. На 49-й хвіліне лік у матчы адкрыў «Атлетык» дзякуючы голу хаўбека Аяна Сансэта. На 72-й хвіліне Карым Бензема зраўняў лік, забіўшы з пенальці. Матч так і завяршыўся – 1:1. Бензема перайшоў у «Рэал» з «Алімпіка» з Ліёна ў 2009 годзе і выйграў з каралеўскім клубам 25 трафеяў, у тым ліку чатыры чэмпіянаты Іспаніі, пяць Ліг чэмпіёнаў. За «Рэал» ён згуляў 438 матчаў, забіў 237 галоў. Таксама Карым чатыры разы станавіўся чэмпіёнам Францыі. Магчыма, 35-гадовы француз працягне кар’еру ў Саудаўскай Аравіі. Прынамсі, ён кансультаваўся на гэты конт з былым таварышам па мадрыдскім клубе Крышціяну Раналду, які гуляе за «Аль-Наср».
«Маямі» зраўняў лік у серыі з «Дэнверам»
У Дэнверы на стадыёне «Бол-Арэна» адбыўся другі матч у рамках фіналу плэй-оф НБА, у якім «Дэнвер Нагец» прымаў «Маямі Хіт». Сустрэча завяршылася перамогай гасцей з лікам 111:108. Самым выніковым гульцом матчу ў гаспадароў стаў сербскі цэнтравы Нікола Йокіч. На яго рахунку дабл-дабл: 41 ачко, 11 падбораў і чатыры выніковыя перадачы. Таксама выдатную гульню правёў разыгрываючы Джамал Марэй. У яго актыве таксама дабл-дабл: 18 ачкоў, чатыры падборы і дзесяць перадач. Лік у серыі нічыйны – 1-1.
Ферстапен выйграў Гран-пры Іспаніі
Нідэрландскі пілот „Рэд Бул” Макс Ферстапен першынстваваў на восьмым этапе Формулы-1, Гран-пры Іспаніі. Ён быў найхучэйшым ва ўсіх трох практыках, заваяваў поўл, лідыраваў усю гонку, аформіў найхутчэйшае кола і 40-ю вікторыю ў сваёй кар’еры, павялічыўшы адрыў ад Серхіа Перэса ў асабістым заліку пілотаў. Два астатнія месцы на подыуме пакінулі за сабой пілоты „Мэрсэдэса”. Льюіс Хэмілтан стаў другім і быў прызнаны гоншчыкам дня. На трэцяй пазіцыі завяршыў старт Барселоне Джордж Расэл.
Беларускае Радыё Рацыя
