Два медалі для Беларусі ў заключны дзень ЧЕ па барацьбе
Беларускія спартоўцы выйгралі дзве ўзнагароды ў заключны дзень чэмпіянату Еўропы па грэка-рымскай барацьбе ў Варшаве. Срэбра заваяваў Радзік Куліеў, які выступае ў вагавай катэгорыі 82 кг, а бронза на рахунку Мікалая Стадуба (у вазе 97 кг). Радзік Куліеў з Гародні, сустракаўся ў фінале з Адланам Акіевым з Расеі. Пачатак паядынку склаўся пад дыктоўку атлета з суседняй краіны, які павёў у ліку 5:0. Пасля перапынку Радзік Куліеў атрымаў бал за актыўнасць, але развіць поспех далей не змог, і перамогу святкаваў яго супернік – 1:11. Мікалай Стадуб у сутычцы за бронзу перамог азербайджанца Заміра Магамедава – 3:1. Такім чынам, беларускія спартоўцы выйгралі на чэмпіянаце Еўропы па барацьбе ў Варшаве сем узнагарод.
Сабаленка прайграла Барці ў фінале тэніснага турніру ў Штутгарце
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прайграла ў фінале турніру катэгорыі WTA-500 у нямецкім Штутгарце з прызавым фондам 456 тысяч еўра. У вырашальным паядынку беларуска, якая займае 7-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіла першай ракетцы планеты аўстралійцы Эшлі Барці – 6:3, 0:6, 3:6. Дзякуючы выхаду ў фінал Сабаленка палепшыць сваю пазіцыю ў сусветным рэйтынгу.
„Цмокi-Мiнск” разграмілі „Астану” у Адзінай лізе ВТБ
Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” завяршылі сезон у Адзінай лізе ВТБ буйной гасцявой перамогай. У сваім апошнім паядынку менчане разграмілі ў казахстанскім Нур-Султане мясцовую „Астану” 109:74. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Крыс Клайберн, які набраў 33 ачкі. Гэта вікторыя стала для „цмокаў” трэцяй у 24 праведзеных матчах „банкаўскага” турніру.
Футбалісты БАТЭ выйшлі на другое месца ў чэмпіянаце Беларусі
Футбалісты барысаўскага БАТЭ святкавалі валявую перамогу над „Іслаччу” з лікам 4:1 у матчы 6-га тура чэмпіянату Беларусі. Сустрэча на полі футбольнага клуба „Мінск” пачалася з атак каманды Арцёма Радзькова, і ўжо на 9-й хвіліне Дзмітрый Камароўскі вывеў „Іслач” наперад. Аднак гэты гол так і застаўся адзіным для гаспадароў. У сярэдзіне першага тайма Станіслаў Драгун зраўняў лік, пасля перапынку ён вызначыўся ў другі раз, яшчэ па голу забілі Максім Валадзько і Максім Скавыш. Дзякуючы гэтай вікторыі БАТЭ падняўся на другое месца ў турнірнай табліцы. Лідар першынства салігорскі „Шахцёр” разграміў берасцейскі „Рух” – 4:1. Гамбійскі нападнік Дэмба Дарбо адзначыўся хет-трыкам. „Жоўта-чорныя” лідзіруюць у табліцы з 18 ачкамі, апярэджваючы БАТЭ на чатыры балы. Жодзінскае „Тарпеда” сышло ад паразы ў матчы з „Гомелем” дзякуючы пенальці на 90-й хвіліне 1:1. Вынікі астатніх гульняў 6-га тура: „Мінск” саступіў сталічнаму „Дынама” – 1:3, „Энергетык-БДУ” і гарадзенскі „Нёман” згулялі ўнічыю – 1:1, не было забітых галоў у матчы берасцейскага „Дынама” і „Віцебска” – 0:0, мазырская „Славія” абыграла „Слуцк” – 3:1, а „Смаргонь” упэўнена перамагла рэчыцкі „Спутнік” – 2:0.
Кіеўскае «Дынама» ўпершыню за пяць гадоў стала чэмпіёнам Украіны
Кіеўскае «Дынама» ўпершыню за пяць гадоў стала чэмпіёнам Украіны па футболе. Тытул быў заваяваны датэрмінова, пасля таго як у 23 туры ўкраінскай прэм’ер-лігі «дынамаўцы» абыгралі „Інгулец” з лікам 5:0. За тры туры да канца чэмпіянату „Дынама” зарабіла 58 ачкоў і цяпер апярэджвае данецкі „Шахцёр” на 12 пунктаў. Апошні раз кіеўскае „Дынама” станавілася чэмпіёнам Украіны па футболе ў 2016 годзе.
Футбалісты „Краснадара” здабылі першую перамогу пад кіраўніцтвам беларускага спецыяліста Віктара Ганчарэнкі. У паядынку 27-га тура чэмпіянату Расеі краснадарская каманда адолела ў Казані мясцовы „Рубін” з мінімальнай перавагай – 1:0. Пераможны гол на 17-й хвіліне сустрэчы забіў Аляксей Іёнаў. Беларускі абаронца „Краснадара” Аляксандр Мартыновіч правёў увесь матч. Лідары турніру футбалісты „Зеніта” разграмілі ў Санкт-Пецярбургу валгаградскі „Ротар” з „сухім” лікам 6:0.
„Манчэстар Сіці” выйграў Кубак англійскай лігі, абыграўшы ў фінале „Тотэнхэм” 1:0, дзякуючы голу Лапорта на 82-й хвіліне матчу. „Лідс” і „Манчэстар Юнайтэд” згулялі ўнічыю ў матчы 33-га тура чэмпіянату Англіі – 0:0. «Барселона» перамагла «Вільярэал» 2:1, дзякуючы дублю Грызмана. Мадрыдскі «Атлетыка» прайграў «Атлетыку» Більбао. Адрыў ад «Барселоны» ў каманды Дыега Сімеонэ цяпер толькі 2 ачкі, да таго ж у каталонцаў матч у запасе. „Інтэр” узяў верх над „Веронай” 1:0, а „Ювентус” не змог перайграць „Фіярэнціну” 1:1 у матчах 33-га тура чэмпіянату Італіі. „Інтэр” з 79 ачкамі лідзіруе ў табліцы, „Юве” з 66 баламі ідзе трэцім, саступаючы „Мілану”, які правёў на сустрэчу менш.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя