Марадона прызначаны старшынём праўлення берасцейскага „Дынама” (абноўлена)
Знакаміты ў мінулым футбаліст Дыега Арманда Марадона падпісаў трохгадовы кантракт з футбольным клубам „Дынама” (Берасце) і заняў пасаду старшыні праўлення клуба, паведаміла дынамаўская прэс-служба ў ноч на 16 траўня.
57-гадовы Марадона будзе займацца пытаннямі стратэгічнага развіцця клуба, а таксама ўзаемадзейнічаць з усімі яго структурнымі падраздзяленнямі, уключаючы дзіцячую акадэмію.
Марадона пачне працу пасля заканчэння чэмпіянату свету ў Расеі (14 чэрвеня — 15 ліпеня).
У Абу-Дабі (ААЭ) адбудзецца прэс-канферэнцыя з удзелам Марадоны і прадстаўнікоў клуба.
Чуткі пра тое, што Марадона прыйдзе ў „Дынама”, апошнія дні актыўна каментавалі СМІ. Чакалася, што ён стане галоўным трэнерам каманды.
Аргенцінец — чэмпіён свету 1986 года і віцэ-чэмпіён свету 1990 года. У 2008—2010 гадах узначальваў зборную Аргенціны. Доўгія гады пакутаваў ад наркатычнай залежнасці, лячыўся ад алкагалізму. У 1991 годзе быў арыштаваны за захоўванне какаіну і атрымаў 14 месяцаў турмы ўмоўна. У 1999 годзе прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за стральбу па журналістах з пнеўматычнай вінтоўкі.
* * *
Легендарны аргентынскі футбаліст і трэнер Дыега Марадона даў «прынцыповую згоду» ўзначаліць берасцейскае «Дынама», паведамляе iz.ru.
Па дадзеных выдання sport.es, у бліжэйшы час будзе афіцыйна абвешчана аб прызначэнні спецыяліста на пасаду галоўнага трэнера беларускага клуба.
Агент Марадоны ў гутарцы з агенцтвам Sputnik пацвердзіў факт перамоваў з «Дынама», аднак адзначыў, што ёсць нюансы, якія трэба вырашыць з кіраўніцтвам каманды.
Футбольны клуб «Дынама-Брэст» быў заснаваны ў 1960 годзе. Клуб з’яўляецца бронзавым прызёрам чэмпіянату Беларусі 1992 года, двухразовым уладальнікам Кубка краіны і ўладальнікам Суперкубка.
У бягучым сезоне каманда пасля сямі тураў займае сёмае месца ў беларускім першынстве. Клуб атрымаў дзве перамогі пры двух паразах і трох нічыіх. Пасаду галоўнага трэнера «Дынама-Брэст» да нядаўняга часу займаў чэшскі спецыяліст Радаслаў Латал.
Фота REUTERS/Christopher Pike і komkur.info