„Дынама” абыграла „Куньлунь”
Хакеісты менскага „Дынама” выйгралі першы матч у рамках хатняй серыі ў чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. На „Менск-Арэне” гасцяваў аўтсайдэр Заходняй канферэнцыі КХЛ „Куньлунь Рэд Стар”. Стартавы перыяд скончыўся з роўным лікам 1:1 – на дэбютную шайбу гасцей адказаў форвард „зуброў” Нік Мёрклі. У другім адрэзку гульні намаганнямі Рамана Гарбунова наперад выйшлі ўжо гаспадары, але яшчэ да перапынку хакеісты з Мыцішчаў аднавілі парытэт – 2:2. Лёс паядынку вырашыўся ў заключнай трэці, дзе ключавым стаў дакладны кідок дынамаўца Брэндана Козуна за восем хвілін да фінальнай сірэны – 3:2 на карысць „Дынама”. Гэтая перамога стала для падначаленых Крэйга Вудкрафта шостай у 12 матчах студзеня. „Дынама” набрала 59 ачкоў і ўзнялася на 7-ю пазіцыю на Захадзе, на бал ад мінчан адстаюць „Спартак” і „Северсталь”, у якіх на адну гульню менш.
СКА перапыніў пераможную серыю „Чэхаўскіх мядзведзяў”
Гандбалісты менскага СКА спынілі пяціматчавую пераможную серыю „Чэхаўскіх мядзведзяў” у дывізіёне „Усход” SEHA-лігі. У менскім спарткомплексе „Уручча” віцэ-чэмпіёны Беларусі згулялі ўнічыю з 21-разовымі чэмпіёнамі Расіі 29:29. Мінчане выйгралі першы тайм з розніцай у 4 мячы – 15:11, але давесці справу да выніковай перамогі не змаглі. Яшчэ ў адным паядынку 6-га тура папярэдняй групы А гандбалісты „Гомеля” прайгралі ў гасцях „Пермскім мядзведзям” – 22:32.
Гарноська выйграла пяць залатых медалёў на турніры ў Іспаніі
У іспанскім Плайя-дэ-Ара завяршыўся міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы Winter Queen Cup з удзелам беларускіх грацый. Беларускія гімнасткі заваявалі ўсе 15 узнагарод у спаборніцтвах спартовак 2007 года нараджэння і старэйшых. Абсалютнай чэмпіёнкай турніру стала бронзавая медалістка Алімпіяды ў Токіа Аліна Гарноська. Беларуска перамагла ва ўсіх асабістых практыкаваннях, выйграла золата ў шматборстве, а таксама была прызнана „Міс турніру”. Пяць медалёў сабрала і Лізавета Зоркіна, якая стала другой ва ўсіх відах праграмы, за выключэннем кампазіцыі з абручом, дзе беларусцы дасталася бронза. Акрамя беларусак, удзел у спаборніцтвах прынялі грацыі з Іспаніі, Егіпта, Літвы і Бельгіі.
„Нёман” абыграў берасцейскае „Дынама
„Нёман” абыграў берасцейскае „Дынама” ў матчы перадсезоннага турніру „Белазавец”-2023 з лікам 3:1. Дубль аформіў навічок гарадзенцаў Раман Папарыга. Яшчэ адзін гол за гарадзенцаў забіў Раман Пасевіч, у берасцейцаў змог вызначыцца Аляксандр Макась.
Стасевіч падпісаў кантракт з „Атырау”
„Атырау” выступіў з афіцыйнай аб’явай аб трансферы беларускага футбаліста Ігара Стасевіча. Аб гэтым перадае Sports.kz са спасылкай на прэс-службу клуба, які трэніруе беларускі спецыяліст Віталь Жукоўскі. 37-гадовы беларускі паўабаронца перайшоў у казахстанскі клуб з расійскай каманды „Чайкі” Растоўскай вобласці. Стасевіч тры разы прызнаваўся найлепшым футбалістам Беларусі, калі выступаў за барысаўскі БАТЭ.
„Валенсія” скасавала кантракт з галоўным трэнерам Джэнара Гатуза
„Валенсія” аб’явіла аб спыненні супрацоўніцтва з галоўным трэнерам Джэнара Гатуза. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба. Апошнім матчам для італьянскага настаўніка стала выязная параза „Вальядаліду” 0:1. Пасля 19 тураў „кажаны” займаюць 14-е месца ў Ла Лізе. Адзіны на дадзены момант трафей Джэнара ў трэнерскай кар’еры — Кубак Італіі на чале „Напалі”.
Беларускае Радыё Рацыя
